
2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы (Мастоўскі дэканат).
На літургіі, у якой удзельнічалі мясцовыя парафіяне на чале з пробашчам кс. Генадзем Дабруком і госці, ва ўдзячнай малітве ўспаміналі тых, хто адышоў у вечнасць.
Біскуп у гаміліі сказаў, што адчувае да гэтай парафіі, з якой паходзіць яго маці, асаблівую блізкасць, адчувае тут “асаблівы хвалюючы дотык Божай прысутнасці, які нагадвае, што чалавек жыве не толькі тут, у часе, але і там, у вечнасці, дзе няма ўжо ні слёз, ні болю, ні пакуты, а ёсць толькі Божае святло і Божая любоў, якія ніколі не мінуць”. Па словах іерарха, гэта і з’яўляецца сутнасцю ўспаміну ўсіх памерлых: “смерць – не канец, не пракляцце і не ціхае растварэнне ў пустэчы, яна – парог, пераход, дзверы ў іншую рэальнасць, у іншы свет, дзе Бог сам выцірае кожную слязу, дзе адкрываецца сапраўдны сэнс жыцця, дзе мы нарэшце разумеем тое, што на зямлі было толькі прадчуваннем”.

“Душы тых, хто ішоў шляхам веры, хто любіў Бога і чалавека, хто нёс крыж жыцця з пакорай і дабрынёй, – яны цяпер у Божай руцэ, у абдымках Таго, хто стварыў нас з любові і для любові і хто ніколі не аддае сваіх дзяцей забыццю, – дадаў біскуп. – Часам людзі кажуць: «Ніхто не вярнуўся і не расказаў, як там». Але гэта не так! Ёсць Той, хто вярнуўся і расказаў, – Хрыстус. Ён прыйшоў з неба, прайшоў праз смерць, уваскрос і аб’явіў: «У доме Айца Майго шмат святліц». Мы не ідзём у невядомае. Мы ідзём у Дом Айца”.
“Вось чаму сёння мы не ў роспачы. Так, мы можам плакаць; так, сэрца можа балець ад адсутнасці тых, каго мы любілі, – адзначыў іерарх. – Але наш боль прасвятляецца надзеяй. Гэта не пустая псіхалогія, не прыём самазаспакаення, а моц Божай веры. Таму што калі для гэтага свету могілкі – знак канца, то для веруючага – знак пачатку. Камень не стаў канцом гісторыі Езуса – і не стане канцом гісторыі тых, хто з Ім”.
“Калі я думаю пра маіх продкаў, пра ўсіх тых, хто быў перад мною на гэтай зямлі, я адчуваю вялікую ўдзячнасць: за вернасць, за малітву, за пакору, за трываласць, за тое, што яны не страцілі веры нават у часы цяжкія, – сказаў біскуп. – І я пытаю сябе: а што мы робім сёння з тым, што яны перадалі нам? Ці працягваем іх шлях веры, іх шлях любові, шлях працы, шлях штодзённай святасці?”

“Мы сёння тут не толькі для таго, каб узгадаць; мы тут для таго, каб прыняць адказнасць, – заўважыў іерарх. – Бо памяць – гэта не толькі слёзы, але і адказнасць. Наша адказнасць – не даць зарасці таму, што яны пабудавалі; не дазволіць холаду абыякавасці пагасіць агонь веры ў нашых сэрцах; не дазволіць свету, поўнаму шуму і пустых слоў, заглушыць шэпт Божага голасу”.
Важнасць малітвы за памерлых біскуп патлумачыў так: “Любоў не памірае. Калі ты любіў чалавека – ты будзеш маліцца за яго. Ты будзеш памятаць яго. Ты будзеш перажываць за яго. Малітва – гэта мова любові. А любоў мацней за смерць. Малітва за памерлых – мост паміж гэтым светам і вечнасцю. Наша малітва падтрымлівае іх, а яны, калі ўжо бачаць Бога тварам у твар, таксама моляцца за нас і заступаюцца перад Богам за сваіх родных, за сваю зямлю. Таму нашая сувязь не перарываецца. Яна мацнейшая за смерць, бо нарадзілася ад любові Бога”.
“Няхай Езус, які сам перайшоў праз смерць і ўвайшоў у славу ўваскрасення, умацуе нас у веры, напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і навучыць нас любіць так, каб нават смерць не магла нас разлучыць”, – пажадаў біскуп.
Пасля Імшы на мясцовых могілках прайшла працэсія ў памяць пра памерлых, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
