
1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У гаміліі біскуп назваў гэтую ўрачыстасць “днём, калі зямля асаблівым чынам слухае Неба, калі твар Божага Валадарства адкрываецца не праз легенды ці сімвалы, а праз рэальнасць – рэальнасць жыцця людзей, якія былі падобныя да нас: са слабасцямі, страхамі, надзеямі, абмежаваннямі і ранамі, але, нягледзячы на гэта, дазволілі Божай ласцы перамагчы ў іх”. Іерарх дадаў, што святыя “ніколі не пакідалі надзеі” і што іх святасць часта ўяўляла сабой не якіясьці цуды, а “ціхую, верную штодзённасць”, у якой ззяла святло Божай любові.
Біскуп падкрэсліў, што святасць – “не ўзнагарода для выбраных, а нармальная мэта хрысціянскага жыцця”, “дар, які чалавек атрымлівае, супрацоўнічаючы з Божай ласкай”, і што “Бог робіць сэрца чыстым, калі чалавек прымае Яго ў сваю гісторыю”.
“Шмат хто ў свеце сёння шукае сэнсу і не знаходзіць. Хтосьці бачыць жыццё як барацьбу. Хтосьці – як выпадковасць. Хтосьці кажа: «Жыццё – гэта толькі хімія, біялогія, матэрыя…» Але Бог кажа інакш: Ты – Мой. Ты – створаны. Ты – любімы. Ты – Маё дзіця. Не нейкі элемент сістэмы. Не пясчынка ў космасе. Дзіця. Айцоўскае сэрца Бога – крыніца тваёй годнасці. Мы дзеці Божыя. Гэта словы, якія павінны стаць фундаментам нашай веры, годнасці і разумення жыцця. Чалавек, які сапраўды прымае праўду пра тое, што ён дзіця Божае, ніколі не будзе здраджваць сваёй годнасці, бо ведае, што ўся ягоная асоба – не выпадковасць, не прадукт абставінаў, а плён Божай любові”, – патлумачыў іерарх.
Божыя благаслаўленні, пра якія гаварылася ў літургічных чытаннях гэтага дня, біскуп назваў “духоўнай канстытуцыяй Божага Валадарства”, “партрэтам Хрыста”.
“Хто жыве гэтымі благаслаўленнямі, той паступова становіцца падобным да Езуса. Езус прапануе не ўтопію лёгкага жыцця, а шлях, які вядзе да сапраўднага шчасця праз давер Богу, праз лагоднасць, міласэрнасць, чысціню, імкненне да справядлівасці, здольнасць прымаць пераслед з любоўю і верай”, – сказаў іерарх.

Нагадваючы пра дэвіз “Пілігрымы надзеі”, пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год, біскуп звярнуў увагу на тое, што надзея для хрысціяніна – “не наіўнае чаканне, што ўсё само вырашыцца, а адвага ісці, нават калі шлях становіцца цяжкім; здольнасць бачыць Божую прысутнасць там, дзе іншыя бачаць толькі цемру”. “Свет сёння сапраўды мае патрэбу ў сведках надзеі. Мы бачым войны, несправядлівасць, пагрозы чалавечай годнасці, духоўную стомленасць, крызіс сям’і і каштоўнасцяў. Але Божыя благаслаўленні вучаць нас, што сапраўдная моц – у лагоднасці, а не ў агрэсіі; у чысціні сэрца, а не ў цынізме; у міласэрнасці, а не ў помсце; у Божай праўдзе, а не ў маніпуляцыях свету. Святасць – гэта ціхае, але магутнае сведчанне, што Бог жыве і дзейнічае”, – адзначыў біскуп.
“У нас на гродзенскай зямлі ёсць свае прыклады святасці, – дадаў ён. – Мы памятаем людзей, якіх савецкая атэістычная сістэма спрабавала зламаць – але яны захавалі веру. Мы ведаем святароў, якія служылі, нягледзячы на пагрозы, абмежаванні, самоту. Мы ведаем сем’і, у якіх вера перадавалася шэптам, у якіх маліліся таемна, у якіх захавалася духоўнае святло, што зараз перадаецца новаму пакаленню. Гэта наша спадчына; гэта наша адказнасць – не страціць тое, што нам перадалі праз крыж, малітву і вернасць”.
Біскуп нагадаў, што “смерць – не канец гісторыі, смерць – гэта пераход; святыя – гэта тыя, хто ўжо перайшоў і цяпер чакаюць нас”. “Мы не падарожнічаем у невядомасць; мы ідзём туды, куды яны ўжо прыйшлі”, – сказаў ён. Іерарх заклікаў памятаць пра гэта тады, калі на наступны дзень, ва ўспамін усіх памерлых, каталіцкія вернікі наведваюць могілкі.
Біскуп пажадаў, каб урачыстасць Усіх Святых “запаліла ў сэрцах адвагу верыць тады, калі сумненні атакуюць; адвагу любіць тады, калі свет прапаведуе эгаізм; адвагу быць лагоднымі, калі нас спакушаюць да грубасці; адвагу будаваць мір, калі вакол гучаць словы падзелу; адвагу выбіраць вечнае, а не часовае”.
Пасля Імшы ў касцёле адбылася працэсія ў памяць пра памерлых, якая стала магчымасцю супольна памаліцца за тых, хто завяршыў зямную вандроўку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч
