Skip to main content

Салезіянская сям'я Беларусі сабралася на дзень духоўнага засяроджання, каб разам памаліцца за сваіх памерлых сабратоў

salizjane 3

30 кастрычніка салезіянская сям'я Беларусі сабралася на дзень духоўнага засяроджання, каб разам памаліцца за сваіх памерлых сабратоў.

Як паведамляе sdb.by акрамя святароў да малітоўнай сустрэчы далучыліся прадстаўніцы сясцёр салезіянак і салезіянаў супрацоўнікаў. 

Мерапрыемства распачалося ў Навагрудку, дзе для ўдзельнікаў была праведзена малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, канферэнцыя, святая Імша і супольны абед.

Канферэнцыю для сабраных прамовіў кс. Міхаіл Радзевіч SDB. Ён адзначыў, што вялікай небяспекай у жыцці святара з'яўляецца ператварэнне абавязкаў у штодзённую руціну і страта пачуцця Жывога Бога падчас найважнейшых сакрамэнтаў.

Падчас святой Імшы, якую ўзначаліў Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, гамілію прамаўляў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Ён звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці жыцця, салезіяне, якія працавалі на нашых землях, імкнуліся захаваць свае адносіны з Богам, аб чым сведчыць духоўная спадчына, якую яны пакінулі пасля сябе.

Пасля святой Імшы салезіяне наведалі могілкі ў Дварцы і Дзятлаве, дзе пахаваны салезіяне, якія працавалі на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны. Там яны з падзякай і пашанай памаліліся за памерлых сабратоў, чыё жыццё было прысвечана служэнню Богу і людзям.