
Праз некалькі гадзін скончыцца 2021 год. Акрамя радасных момантаў і падзей, якія адбыліся за гэты час у Гродзенскай дыяцэзіі, было дастаткова і сумных хвілін.
Гэтыя хвіліны звязаны з развітаннем з блізкімі нам асобамі, якія адышлі ў вечнасць.
У Гродзенскай дыяцэзіі сёлета адышло да Пана некалькі руплівых святароў, якія служылі ў нашым мясцовым Касцёле цяпер або нейкі час раней, і дзве сястры законныя.
У апошнія гадзіны года, які завяршаецца, хочам яшчэ раз узгадаць іх імёны, каб выклікаць у нашай памяці сустрэчы з імі і тое дабро, якое дзякуючы іх служэнню мы атрымалі, а таксама заахвоціць да малітвы, просячы добрага Бога аб вечным жыцці для іх.
Айцец Казімір Жыліс SJ – святар-легенда
Айцец езуіт Казімір Жыліс адышоў у вечнасць 15 лютага ў Варшаве, дзе знаходзіўся некалькі апошніх гадоў.
З 1983 г. служыў у Гродзенскай дыяцэзіі, дзе аднавіў шмат святыняў, пакінуў вельмі багаты кінаархіў адраджэння Касцёла. Дзякуючы яго служэнню многія выбралі шлях святарства, сярод іх сённяшні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля некалькі гадоў служыў у гродзенскай катэдры, дзе многія называлі яго “вязнем канфесіянала”. Таксама рэгулярна наведваў гродзенскую турму, дзе служыў вязням.
У памяці вернікаў парафіі ў Індуры, дзе шмат гадоў быў пробашчам, і іншых месцаў, дзе служыў, застаўся як вельмі патрабавальны святар, які клапаціўся найперш пра душу кожнага чалавека, асабліва таго, хто згубіўся на дарогах жыцця.
Айцец Юзаф Сыновец OCD – руплівы евангелізатар
Айцец кармэліт Юзаф Сыновец адышоў у вечнасць 9 чэрвеня ў кляштары кармэлітаў босых у Познані (Польшча) на 85-м годзе жыцця ў прысутнасці сабратоў.
З 1991 па 2004 год служыў у Гродзенскай дыяцэзіі ў Солах (Смаргонскі дэканат), Сільванаўцах (Сапоцкінскі дэканат) i Гудагаі (Астравецкі дэканат), a таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Канстанцінаве і Нарачы.
З запалам і руплівасцю ўключыўся ў справу евангелізацыі дзяцей і моладзі, якая праводзілася часта ў нялёгкіх побытавых умовах.
У памяці вернікаў застанецца як адкрыты і даступны святар, які аказаў таксама вялікі ўплыў на працэс стабілізацыі жыцця кармэліцкіх супольнасцяў у нашай краіне.
Ксёндз Станіслаў Росек SCJ – будаўнік святыняў
Ксёндз сэрцанін Станіслаў Росек адышоў у вечнасць 21 жніўня ў Польшчы ў сваім родным доме ва ўзросце 62 гадоў.
На тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі дзякуючы яго старанням былі пабудаваны дзве святыні: Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец) i Божай Міласэрнасці ў Астрыне (Шчучынскі дэканат). У апошнія гады служыў у Хварстніцы каля Шчэціна (Польшчa).
Святар зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі.
Ва ўспамінах вернікаў застанецца як руплівы пастыр, здольны служыць усім людзям, якія да яго прыходзілі, і распаўсюджвальнік культу Божай Міласэрнасці.
Айцец Бэрнард Радзік OCD – чалавек радасці
Айцец кармэліт Бэрнард Радзік адышоў у вечччнасць 25 жніўня на 58-м годзе жыцця. У апошні час быў пробашчам парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Пасля прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння з 1990 года нёс служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі на Астравеччыне і Смаргоншчыне: у парафіях у Гудагаі, Дайлідках, Солах і Градаўшчыне.
У памяці вернікаў гэтых парафіяльных супольнасцяў застаўся як руплівы душпастыр, на твары якога заўсёды былі радасць і ўсмешка.
Айцец Леанард Цеханоўскі OCD – ціхі і сціплы
Айцец кармэліт Леанард Цеханоўскі адышоў у вечнасць 13 кастрычніка на 63-м годзе жыцця у цішыні сваёй манаскай келлі ў кляштары ў Гудагаі.
Нёс душпастырскае служэнне пры санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі і ў парафіі святога Андрэя Баболі ў Градоўшчыне (Астравецкі дэканат) з 2001 г.
У памяці вернікаў, якія яго ведалі і сустракалі кожны дзень, застаўся як чалавек, які захапляў сваім простым і сціплым стылем жыцця. Менавіта дзякуючы гэтаму ён быў здольны прывесці іншага чалавека да Бога.
Сястра Станіслава Ушакевіч – поўная энергіі
Сястра Станіслава Ушакевіч з Трэцяга рэгулярнага ордэну св. Францішка Асізскага (бэрнардынкі) адышла ў вечнасць 19 кастрычніка ў Слоніме.
Яе законнае жыццё мела кантэмпляцыйна-клаўзуровы характар. Яна вяла пабожнае жыццё ў цішыні законнага дома, а свой крыж ахвяроўвала ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, за святы Касцёл, парафію св. апостала Андрэя ў Слоніме і Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў.
У памяці вернікаў засталася як пабожны і сціплы чалавек, які ўсё чыніў на хвалу Пана.
Ксёндз Януш Карась – добры дарадца
Ксёндз Януш Карась, святар Люблінскай архідыяцэзіі, адышоў у вечнасць 22 кастрычніка, ва ўспамін св. Яна Паўла ІІ, у шпіталі ў Панятове (Польшча).
У 1993-2007 гг. служыў у Гродзенскай дыяцэзіі ў парафіях у Навагрудку, Граўжышках і Уселюбе.
У памяці вернікаў застаўся як руплівы святар, які вёў іх да Бога, а таксама даваў добрыя настаўленні і парады.
Ксёндз Францішак Кукліс – добры чалавек
Ксёндз Францішак Кукліс адышоў у вечнасць 6 лістапада ў Літве na 52-м годзе. У апошні час моцна хварэў.
Пасля прэзбітэрскага пасвячэння, якое прыняў у гродзенскай катэдры, служыў у некалькіх парафіях на тэрыторыі нашай дыяцэзіі. У апошнія гады служыў у Вілкавішскай дыяцэзіі (Літва).
У памяці вернікаў, якім служыў кожны дзень, застанецца як чалавек вялікага сэрца.
Сястра Станіслава Кучынская CSFN – чалавек веры і надзеі
Сястра Станіслава Кучынская неспадзявана адышла ў вечнасць 6 снежня на 55-м годзе ў Гродне.
На працягу свайго манаскага жыцця (37 гадоў) несла розныя служэнні ў розных парафіях у Гродне, Шчучыне, Навагрудку, Лідзе і Мінску. Пэўны час працавала таксама ў Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, a ў апошні час у Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі, дзе гатавала на кухні.
Заўсёды мела ўсмешку на твары, не баялася ніякай працы. Паўсюль, куды яе накіроўвалі манаскія ўлады, ішла з вялікай радасцю і надзеяй.
У памяці вернікаў застанецца як чалавек вялікай веры і надзеі, бо сапраўды была здольная дзяліцца гэтымі скарбамі з кожным, каго сустракала.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі