Skip to main content

Студэнты гродзенскай семінарыі здзейснілі падарожжа ў тракельскі санктуарый

padaeoza 1kurs 5

13-14 лістапада студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваім мадэратарам кс. Паўлам Скубам здзейснілі падарожжа ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях.

У санктуарый семінарысты прыбылі вечарам 13 лістапада і ўзялі ўдзел у святой Імшы. Затым кусташ санктуарыя кс. Уладзіслаў Сурвіла пазнаёміў іх з гісторыяй гэтай святыні, цудадзейнага абраза, які ў ёй захоўваецца, і штогадовага фэсту ў гонар абраза.

Наступны дзень у санктуарыі пачаўся для семінарыстаў Імшой, злучанай з літургіяй гадзін.

padaeoza 1kurs 13

Вяртаючыся ў Гродна, семінарысты наведалі касцёлы ў Асаве і Радуні. Пробашч парафіі ў Асаве кс. канонік Ян Пяцюн пазнаёміў іх з гісторыяй гэтай парафіяльнай супольнасці і яе велічнай святыні, а таксама выканаў на аргане паланэз Агінскага. Нам паведамляюць, што семінарысты былі здзіўлены незвычайнасцю як знешняга, так і ўнутранага выгляду касцёла, а таксама вялікім захапленнем святара музыкай.

У радунскай парафіі семінарыстаў сустрэў яе пробашч кс. канонік Станіслаў Пацына. Ён падзяліўся з імі сваім досведам будавання касцёла ў Лідзе і ўнутранага аднаўлення святыні ў Радуні.

Удзельнікі падарожжа адзначаюць, што вярнуліся ўзбагачаныя малітвай і сустрэчамі са святарамі, поўныя духу ўдзячнасці Богу і Найсвяцейшай Маці за гэтую невялікую пілігрымку.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі