Skip to main content

Адышоў у вечнасць кс. Станіслаў Росек, былы пробашч парафій у Гродне і Астрыне

candle 197248 1280Курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляе, што 21 жніўня ў Польшчы ў сваім родным доме адышоў у вечнасць кс. Станіслаў Росек SCJ, былы пробашч і будаўнік касцёла Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец), а таксама касцёла Божай Міласэрнасці ў Астрыне (Шчучынскі дэканат).

Святар зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі, а ва ўспамінах вернікаў застанецца як руплівы пастыр, здольны служыць усім людзям, якія да яго прыходзілі, і клапатлівы будаўнік.

Ксёндз Станіслаў Росек нарадзіўся 8 лістапада 1958 г. У 1981 г. уступіў у супольнасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцане).

26 верасня 1982 г. прынёс першыя манаскія абяцанні, а 11 чэрвеня 1988 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Некалькі гадоў служыў у Аўстрыі як вікарый, потым прыехаў у Беларусь, дзе служыў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Вярнуўшыся ў Польшчу, служыў у парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Кшэнціне (Шчэцінска-Каменская архідыяцэзія).

У апошнія гады да моманту смерці спаўняў абавязкі адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Хварстніцы каля Шчэціна.

IMG 1944

Спачыламу было 62 гады, з якіх 33 ён правёў у святарстве.

Пахавальная святая Імша адбудзецца 24 жніўня ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Лакце (Łąkta Górna 285, 32-731 Żegocina), пачатак у 16.00.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі