Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ва ўрачыстасць галоўнай Апякункі дыяцэзіі: “Духоўны код нашай нацыі – ідзі да Маці, бо Яна вядзе да Бога”

ostrabramska katedra 4

16 лістапада Касцёл на Гродзеншчыне святкаваў урачыстасць у гонар Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці – галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі з моманту яе заснавання. У гэты дзень біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

На літургіі іерарх асаблівым чынам маліўся за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне. У Імшы ўдзельнічалі вернікі гродзенскіх парафій.
У пачатку літургіі біскуп сказаў: “Сёння мы, як тыя, хто моцна адчувае матчынае заступніцтва Марыі, хочам прамовіць словы, якія павінны гучаць у кожным хрысціянскім сэрцы: “Марыя, Маці Міласэрнасці, наша любая Матуля, ахвяруем Табе ўсё: нашы страхі, надзеі, боль, радасці, працу, штодзённасць, Гродзенскую дыяцэзію, Беларусь і наш шлях у будучыню”.

У гаміліі, нагадваючы пра Вострую Браму, якая знаходзіцца ў Вільні, біскуп адзначыў, што ў гэтую браму “многія пакаленні нашых продкаў уваходзілі з надзеяй, з плачам, з просьбамі, з малітвамі” і што “ў тым заўсёды жывым праёме Вострай Брамы Бог праз Марыю неаднаразова нахіляўся да ранаў людзей, каб выліць алей суцяшэння, умацаваць, абараніць, ачысціць, узняць”.

“Мы – народ, які заўсёды ведаў: калі цяжка – ідзі да Маці; калі няма куды ісці – ідзі да Маці; калі сэрца раніць боль, калі грэх прыціскае – ідзі да Маці. Таму і сёння мы прыходзім да Яе як да Наймілейшай Маці, якую Бог паставіў Брамай міласэрнасці”, – падкрэсліў біскуп. Ён патлумачыў, што “Марыя – першы дом Бога, першая святыня Новага Запавету”, “Бог дае нам Марыю, каб праз Яе мы ўваходзілі ў Яго Міласэрнае Сэрца”, “Марыя – не проста жанчына, якая сказала “так”; Марыя – таямніца Божай любові, якую Бог захоўваў у сваім Сэрцы спрадвеку, таму перад Яе абразом у вастрабрамскай святыні чалавек адчувае не столькі страх перад Божай веліччу, колькі пяшчоту Божай блізкасці”.

ostrabramska katedra 11

Па словах біскупа, “калі ўгледзецца ў Марыю, можна ўбачыць у Ёй Божую міласэрнасць”. “Міласэрнасць – гэта не слабасць. Гэта Божая сіла, якая пранікае ў слёзы чалавека і робіць іх крыніцай надзеі”, – дадаў ён. Тое, чаму Панну Марыю называюць Маці Міласэрнасці, іерарх патлумачыў так: “Бо Яна стаіць там, дзе стаіць Хрыстус. А Хрыстус заўсёды каля параненых. Чаму людзі стагоддзямі ішлі да Маці Міласэрнасці? Таму што адчувалі: Яе погляд не асуджае, Яе сэрца не адштурхоўвае, Яе рукі не закрытыя. Яна глядзіць на кожнага з нас так, як маці глядзіць на сына, які вярнуўся з дарогі, дзе шмат упаў, шмат параніўся, шмат згубіў, але ўсё ж вярнуўся. Марыя не адмаўляе праўды. Яна не кажа, што грэх – гэта дробязь, але кажа тое, што Бог паўтарае ўсім нам: “Дзіця Маё, Я з табою. Уставай. Пачынай нанова. Ідзі да Мяне”.

Узгадваючы дэвіз “Пілігрымы надзеі”, пад якім у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год, біскуп заўважыў: “Гэтае паняцце вельмі блізкае духу нашай зямлі. Бо беларус заўсёды быў пілігрымам – пілігрымам у пакоры, у працы, у малітве, у пакутах, у вернасці. Мы ўмеем ісці. Мы ўмеем перажываць цяжкасці. Мы ўмеем маліцца праз слёзы. Надзея – гэта духоўная моц, якая кажа: Бог вядзе. І нават калі я не бачу сцежкі, Ён бачыць. І ў пілігрымцы надзеі Марыя – першая. Яна ідзе ўперадзе Касцёла. Яна ішла ў Назарэце, калі ніхто не верыў у Яе слова. Яна ішла ў Бэтлеем у час цяжарнасці, без месца, без зручнасцяў. Яна ішла ў Егіпет, ратуючы Дзіця. Яна ішла на Галготу, несучы свой мацярынскі боль. І сёння Марыя кажа нам усім: “Не спыняйцеся. Ідзіце. Бог верны”.

Біскуп нагадаў, што ў наступным годзе будзе святкавацца 35-годдзе з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі. “Гэта гісторыя цудаў, якія Бог рабіў праз простых людзей, – адзначыў іерарх. – Калі прыслухацца ў сэрцы да голасу Марыі, можна пачуць: “Дзеці Мае, любіце Хрыстовы Касцёл, любіце Беларусь. Маліцеся за яе. Будуйце мір. Будзьце добрыя адно да аднаго”. Беларусь патрабуе сёння не толькі разважанняў, але перш за ўсё сэрцаў, якія любяць. Маці Міласэрнасці вучыць нас не адказваць злом на зло, не страчваць надзеі, не губляць чалавечнасці, не забывацца пра слабейшых, не пакідаць бліжніх без малітвы. Яе місія – ахінаць наш народ сваёй мацярынскай плашчаніцай, як Ахвярная Ахоўніца, і маліцца за кожнага з нас. Беларусь заўсёды была зямлёй, дзе Марыю любілі асабліва. І гэта не проста традыцыя. Гэта духоўны код нашай нацыі: ідзі да Маці, бо Яна вядзе да Бога!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Агата Фядкевіч