У апошнія гадзіны 2024 года хочам узгадаць памерлых святароў і законных сясцёр, якія служылі ў нашым мясцовым Касцёле і адышлі сёлета ў вечнасць.
Хочам дзякаваць у малітве Добраму Богу за іх адданае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, просячы для іх дару вечнага жыцця.
Руплівы душпастыр
20 лютага ў шпіталі ў Гродне адышоў у вечнасць кс. Ян Гавецкі, адміністратар парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы.
Шмат гадоў ён быў пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і дэканам Іўеўскага дэканату.
Адданы людзям
22 мая ў шпіталі ў Гродне адышоў у вечнасць кс. канонік Рышард Якубец, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат).
Ён прычыніўся да аднаўлення знішчанага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы і будаўніцтва двух новых касцёлаў: Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах і св. Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах.
Вястунка Божай Міласэрнасці
3 чэрвеня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адышла па ўзнагароду да Пана с. Цэцылія Абухоўская, былая генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці.
Сястры Цэцыліі, вястунцы Божай Міласэрнасці, давялося ратаваць ад знішчэння арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісанага па эскізе с. Фаўстыны Кавальскай.
Чулы і адкрыты святар
25 верасня адышоў у вечнасць кс. Рышард Пэрчак, шматгадовы пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат).
Ён быў першым пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), заснаванай у 2007 г. Дзякуючы яго старанням там была пабудавана святыня.
Добры сябар
1 лістапада на 51-м годзе жыцця адышоў у вечнасць кс. Андрэй Горбач, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы.
За час яго служэння ў астравецкай парафіі быў пабудаваны парафіяльны дом. Таксама святар унёс вялікі ўклад у адраджэнне парафіі.
Верная да канца
27 снежня на 95-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра назарэтанка Тэрэза Касінская ад Найсвяцейшага Аблічча.
Законніца асабіста ведала благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, a сваім манаскім пакліканнем была ўдзячная слузе Божай с. Малгажаце Банась.