27 мая ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) адбылося пахаванне кс. каноніка Рышарда Якубца.
На пахавальнай Імшы ў невялікай святыні гэтай парафіі, дзе спачылы шмат гадоў быў пробашчам, сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Сярод іх былі тыя, хто належаў да парафіі ў Мікелеўшчыне і абраў святарскі шлях па прыкладзе свайго пробашча. Прысутнічалі законныя сёстры з розных манаскіх супольнасцяў і шмат свецкіх вернікаў, у тым ліку парафіяне ксяндза Рышарда. Удзельнікі пахавальнай цырымоніі маліліся аб тым, каб Бог прыняў свайго слугу, які рупліва здзяйсняў святарскую працу на Мастоўшчыне і Шчучыншчыне, у Нябеснае Валадарства.
Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
Прысутных прывітаў і ўвёў у настрой літургіі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Іерарх падкрэсліў, што супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне павінна быць удзячная Пану за дар такога святара, як ксёндз Рышард, які прычыніўся да будаўніцтва святыняў у Мастах і Правых Мастах, аднаўлення іншых святыняў і нараджэння многіх пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця.
Ксёндз канонік Генрых Яблонскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат), у гаміліі адзначыў вялікую пакору і прастату сэрца ксяндза Рышарда. Ксёндз Генрых, які вучыўся разам з ім у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, узгадаў, што той заўсёды аддаваў сябе ў распараджэнне людзям, стараўся быць даступны для ўсіх, хто звяртаўся да яго.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у канцы Імшы падзякаваў спачыламу за пабудаваныя і адноўленыя касцёлы, а найперш за сотні і тысячы адноўленых чалавечых сэрцаў, якім служэнне ксяндза Рышарда дапамагала нанова адшукаць Божую ласку і спазнаць Яго міласэрнасць.
Ксёндз Андрэй Лішко, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, які належыць да шэрагу выхаванцаў ксяндза Рышарда, падзякаваў усім, хто прыбыў на пахаванне і хто маліўся за святара ў час яго хваробы і пасля смерці.
Пробашч дзятлаўскай парафіі падкрэсліў, што дзякуючы прыкладу спачылага шэсць чалавек з вёскі, якая налічвае менш за 200 жыхароў, адкрылі пакліканне да святарства і сёння служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Абрад апошняга развітання з памерлым правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Ксёндз Рышард быў пахаваны ля парафіяльнага касцёла, аб якім так клапаціўся, стараючыся, каб святыня заўсёды была поўная вернікаў.
Ксёндз канонік Рышард Якубец нарадзіўся 23 сакавіка 1961 г. Паходзіў з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Струбніцы (Мастоўскі дэканат). Прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму 31 мая 1987 г. у Рызе біскуп Яніс Цакулс.
Пасля пасвячэння служыў на працягу года ў Латвіі, затым вярнуўся ў Беларусь. Быў вікарыем у парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску, таксама служыў сярод іншага ў Шчучыне, Каменцы, Дзембраве.
Прычыніўся да аднаўлення знішчанага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы і будаўніцтва двух новых касцёлаў: Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах і св. Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах.
З 1992 г. да смерці быў пробашчам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне. Шмат гадоў быў дэканам Мастоўскага дэканату.
Адышоў у вечнасць 22 мая ў шпіталі ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксей Ціхан