Skip to main content

У Белагрудзе развіталіся з памерлым кс. Рышардам Пэрчакам

pogzeb perczak 1627 верасня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат) адбылося пахаванне кс. Рышарда Пэрчака.

Пробашчам гэтай парафіі ксёндз Рышард быў з 1997 г.

На пахавальнай Імшы сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Прысутнічалі шматлікія парафіяне з Белагруды, а таксама з Дзітвы, у якой дзякуючы старанням ксяндза Рышарда быў пабудаваны касцёл.

pogzeb perczak 3

Удзельнікі пахавальнай цырымоніі маліліся аб тым, каб Бог прыняў у Нябеснае Валадарства свайго слугу, які рупліва здзяйсняў святарскую працу на Лідчыне.

Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У пачатку літургіі іерарх адзначыў, што ксёндз Рышард – ужо трэці святар Гродзенскай дыяцэзіі, які ў росквіце сіл адыходзіць у вечнасць у гэтым годзе. Біскуп дадаў, што на ўсё Божая воля і гэтую волю трэба прымаць.

Вікарый лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі а. Андрэй Агель SP у гаміліі нагадаў жыццярыс спачылага і назваў такія яго рысы, як прастата, непасрэднасць і адкрытасць на людзей. Па словах святара, ксёндз Рышард заўсёды быў чулым і адкрытым на патрэбы людзей.

У канцы Імшы родная сястра спачылага выказала ўсім шматлікім прысутным удзячнасць за дар малітвы ў яго інтэнцыі.

Біскуп Андрэй Зноска выказаў словы спачування ад імя біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.

Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што ксёндз Рышард “жыў для нас, для ўсіх, каму адкрываў святую таямніцу Хрыстовага збаўлення”. Яго смерць іерарх назваў стратай для ўсяго Касцёла, бо “ён памёр цяпер, калі знайсці святара так цяжка, калі пакліканняў усё менш”.

“Наш брат і слуга Хрыста адыходзіць, таму мы ўсе, сабраныя вакол труны, просім аб новых, шматлікіх, добрых і святых пакліканнях да святарства і манаства. Малітва ля труны святара, душпастыра, у гэтым сэнсе бывае асабліва выслуханая”, – сказаў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.

Біскуп падзякаваў усім за дар малітвы і спадарожнічанне памерламу на яго апошнім зямным шляху.

Ксёндз Рышард быў пахаваны напярэдадні адпустовай урачыстасці Арханёла Міхала, апекуна белагрудскай парафіі, ля парафіяльнага касцёла, які многіх захоплівае сваёй прыгажосцю і мае багатую гісторыю.

pogzeb perczak 32

Ксёндз Рышард Пэрчак нарадзіўся 21 жніўня 1959 г. у Бужысках (Драгічынская дыяцэзія, Польшча) у сям’і Антонія і Зоф’і Пэрчакаў.

У 1986-1991 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 ліпеня 1992 г. у касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах (Сапоцкінскі дэканат).

Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Адразу пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

24 лістапада 1997 г. быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат), дзе служыў да смерці.

Калі ў 2007 г. была ўтворана парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), стаў яе першым пробашчам. Пад яго кіраўніцтвам там была пабудавана святыня.

Пасля працяглай хваробы адышоў у вечнасць на досвітку 25 верасня, прыняўшы святыя сакрамэнты.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Марцін Лудзіч