5 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы адбылося пахаванне ксяндза Андрэя Горбача. Святар, які быў пробашчам гэтай парафіі з 2011 г., неспадзявана адышоў у вечнасць 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых.
На пахавальнай Імшы сабраліся больш за сто святароў розных дыяцэзій Касцёла на Беларусі, шматлікія парафіяне з Астраўца і з іншых месцаў, дзе служыў спачылы. Прысутныя дзякавалі Богу за дар гэтага святара, якога ім дадзена было сустрэць на шляху жыцця.
Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які вучыўся з ксяндзом Андрэем у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на адным курсе.
У пачатку Імшы, уводзячы прысутных у настрой малітвы ў інтэнцыі памерлага, іерарх нагадаў, што яшчэ нядаўна адзначалі 25 гадоў святарства ксяндза Андрэя і яго 50-годдзе, дзякавалі Пану за дар гэтага святара і прасілі, каб яго далейшае служэнне было благаслаўлёным і прыносіла шчодры плён.
“І сталася так, што правіца Бога прывяла цябе, ксёндз Андрэй, туды, дзе ты заўсёды стараўся жыць: да спрадвечнай Любові”, – сказаў біскуп і запрасіў прысутных праз удзел у гэтай Імшы, сабраўшыся вакол алтара, яшчэ раз пабыць разам са спачылым.
У гаміліі іерарх сказаў: “Мы прыйшлі запаліць полымя нашай сардэчнай малітвы перад асобай хрысціяніна, святара, сябра, чалавека вялікай дабрыні і лагоднасці”. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што Езус Хрыстус – “святло праўдзівае” і што да гэтага святла ішоў у сваім жыцці ксёндз Андрэй.
Іерарх прыгадаў пра жыццёвы шлях спачылага і яго душпастырскую працу, адзначыўшы, што ў яе выкананні “ён паводзіў сябе як добры слуга ў Евангеллі, які атрымаў шмат талантаў і не змарнаваў іх”, “рабіў свае таланты плённымі ў сабе і шчодра дзяліўся імі з усім светам”, “маліўся і працаваў не для сваёй хвалы – ён быў чалавекам пакорным, – а для хвалы Божай”.
Біскуп падкрэсліў, што “смерць кожнага сведкі веры – гэта для нас тэрміновы заклік ісці ў святле і несці сваім жыццём тое праўдзівае святло, якім з’яўляецца Хрыстус”, і што хрысціяніну і святару важна ставіць перад сабой пытанне: “Для каго жыць?” “Мы жывём для таго, каб любоўю адказаць на Любоў, – звярнуў увагу іерарх. – Пры падсумаванні нашага жыцця нас будуць судзіць выключна па любові. Па любові да Бога, якая праяўлялася ў міласэрнасці да ўсіх, каго сустракалі на жыццёвым шляху. У мёртвых далонях мы прынясём і складзём перад Панам толькі тое, што ахвяроўвалі іншым. Няхай жа мы пачуем тады з вуснаў Пана: “Даруюцца табе грахі многія за тое, што вельмі любіў” (пар. Лк 7, 47).
“Гэтая смерць заклікае нас, жывых, не забываць, кім мы ёсць і куды ідзём. Няхай, аднак, не будзе ў нас трывогі, боязі ці страху, – заахвоціў біскуп. – Няхай у нашых сэрцах не будзе недахопу ў супакоі і даверу, паколькі Святое Пісанне так аптымістычна кажа: “Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (lКар 2, 9).
Біскуп назваў ксяндза Андрэя “добрым святаром, глыбока ўключаным у жыццё дыяцэзіі”, “чалавекам, які не ўмеў шкадаваць сябе ў служэнні Богу і іншаму чалавеку”, “адкрытым на праблемы кожнага”. За гэтага чалавека, як адзначыў іерарх, удзельнікі літургіі дзякуюць Пану, а таксама просяць ачысціць яго ад усялякай віны і развітваюцца з ім “малітвай, поўнай удзячнасці”.
У канцы Імшы да прысутных звярнуўся прадстаўнік парафіяльнай супольнасці. Ён адзначыў вялікі ўклад ксяндза Андрэя ў адраджэнне парафіі і нагадаў, што той ганарыўся сваімі парафіянамі, стараўся быць для іх не толькі добрым пастырам, але і сябрам, на якога заўсёды можна было разлічваць.
Дэкан Астравецкага дэканату кс. канонік Юзаф Багдзевіч выказаў спачуванні парафіянам і біскупу, а таксама запрасіў усіх да ўдзелу ў Імшы ў 30-ы дзень пасля смерці ксяндза Горбача – 30 лістапада, у свята апостала Андрэя, нябеснага апекуна спачылага.
Біскуп Гродзенскі выказаў спачуванні родным спачылага і падзякаваў ім за тое, што яны “далі дыяцэзіі гэтага святара, якога сёння даюць ужо Богу, поўнасцю і назаўсёды”. Таксама ён падзякаваў прысутнаму духавенству, законным сёстрам і ўсім, хто быў блізка звязаны з гэтай парафіяй, а асаблівую падзяку выказаў парафіянам, адзначыўшы, што ксёндз Андрэй мог жыць для іх у радасці і для іх жа памерці.
Цела спачылага было пахавана на прыкасцёльных могілках, паміж святыняй і парафіяльным домам, дзе завяршыўся яго зямны шлях і пачалася вечнасць.
Ксёндз Андрэй Горбач нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 г. Паходзіць з парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
У 1992 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
12 снежня 1998 г. у катэдральнай базыліцы ў Гродне прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Пасля пасвячэння прызначаны вікарыем парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Лідскі дэканат).
22 кастрычніка 1999 г. прызначаны вікарыем катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне (дэканат Гродна-Усход).
5 чэрвеня 2000 г. прызначаны адміністратарам парафіі св. Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат).
У 2003 г. прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні (Радунскі дэканат), у 2005 г. – яе пробашчам.
У 2011 г. прызначаны пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы (Астравецкі дэканат), дзе служыў да моманту смерці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі