Skip to main content

Адышла ў вечнасць с. Цэцылія Абухоўская, вястунка Божай Міласэрнасці

candles 492171 1280 2 2Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) i курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляюць, што 3 чэрвеня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адышла па ўзнагароду да Пана с. Цэцылія Абухоўская, былая генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці.

Сястры Цэцыліі, вястунцы Божай Міласэрнасці, давялося ратаваць ад знішчэння арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісаны па эскізе с. Фаўстыны Кавальскай.

Пахавальныя цырымоніі адбудуцца ў Каменцы:

у аўторак 4 чэрвеня:

19.00 – перанясенне цела памерлай з капліцы Дома міласэрнасці ў парафіяльны касцёл св. Антонія і Аб’яўлення Пана, затым святая Імша ў яе інтэнцыі; пасля Імшы – магчымасць памаліцца каля труны

у сераду 5 чэрвеня:

12.00 – пахавальная Імша ў парафіяльным касцёле

scecylia

Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1920 годзе. Як сама яна часта паўтарала, той год быў асаблівы, бо тады нарадзіўся і будучы Папа Ян Павел ІІ – Караль Вайтыла.

У 1950 г. прынесла манаскія абяцанні. У часы пераследу веры пра тое, што яна з’яўляецца манахіняй, ведалі толькі яе маці і родная сястра.

З 1959 г. была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат). Пасля дзесяці гадоў служэння ў Крамяніцы прыехала разам з кс. Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.

На працягу 25 гадоў была генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), будучы адказнай за ўсю супольнасць.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі