22 лютага ў Гродне прайшло пахаванне кс. Яна Гавецкага, адміністратара парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход). Святар адышоў у вечнасць 20 лютага.
У гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай (францішканскім), роднай парафіі спачылага, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і на якой сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Прысутнічалі генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB. У літургіі ўдзельнічалі законныя сёстры, а таксама вернікі розных парафій, многія з якіх ведалі спачылага, – сярод іх вернікі Іўеўскага дэканату, у прыватнасці парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, дзе ксёндз Ян на працягу 25 гадоў быў пробашчам.
Прысутныя дзякавалі Богу за параўнальна кароткае, з чалавечага пункту гледжання, зямное жыццё ксяндза Яна і за ўсё добрае, што прынесла ім яго святарскае служэнне.
У гаміліі кс. канонік Ян Пузына, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах і дэкан Ашмянскага дэканату, нагадаў зямны шлях ксяндза Гавецкага, які памёр пасля цяжкіх аперацый.
Ашмянскі дэкан, які паходзіць, як і спачылы, з гродзенскай францішканскай парафіі, нагадаў таксама пра бацькоў ксяндза Гавецкага, памерлых раней. Ксёндз Ян Пузына адзначыў, што яны былі пабожнымі людзьмі і, верагодна, змаглі выпрасіць у малітвах святарскае пакліканне для свайго сына.
У канцы Імшы біскуп Юрый Касабуцкі выказаў ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча спачуванні Касцёлу на Гродзеншчыне ў асобе біскупа Аляксандра Кашкевіча, а таксама спачуванні бліжэйшым родным спачылага – яго братам Баляславу і Антонію з іх сем’ямі.
Ксёндз Ян Гавецкі, на працягу многіх гадоў будучы пробашчам у Іўі, дзе даўно пераплятаюцца культуры габрэяў, беларусаў, татараў, палякаў, прычым усе яны, што цікава і варта ўвагі, жывуць у згодзе, заўсёды добра кантактаваў з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў. З гэтай нагоды на пахаванні прысутнічаў настаяцель праваслаўнага храма св. Гаўрыіла Беластоцкага ў Іўі протаіерэй Вячаслаў Пашкевіч.
Настаяцель падзякаваў спачыламу за вялікую дабрыню, гатоўнасць да супрацоўніцтва, добразычлівасць, якія мясцовыя праваслаўныя вернікі адчувалі падчас яго служэння ў іўеўскай парафіі.
Пасля Імшы труна з целам спачылага была дастаўлена на найстарэйшыя каталіцкія могілкі Гродна, заснаваныя ў 1792 г., дзе многія надмагіллі маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. На могілках адбыўся абрад пахавання, які ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Ксяндза Яна Гавецкага пахавалі побач з нядаўна спачылым кс. прэлатам Ежы Лявінскім, які шмат гадоў быў выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У суседстве з імі спачываюць кс. інфулат Міхал Арановіч, які шмат гадоў быў пробашчам у Гродне, і кс. Міхал Варанецкі СM, першы духоўны айцец гродзенскай семінарыі. Ксёндз Ян далучыўся да гэтых памерлых святароў як наймалодшы – яны адышлі ў вечнасць ужо ў пажылым узросце.
Ксёндз Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 г. у Гродне. Паходзіў з парафіі Маці Божай Анёльскай.
Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Потым вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах, з 1996 да 2021 г. – пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалцы (дэканат Гродна-Усход).
У памяці тых, хто сустракаўся з ім, ён застаўся як добры арганізатар розных душпастырскіх акцый і мерапрыемстваў. У час служэння ў іўеўскай парафіі ён стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песень Gloria in excelsis Deo – адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.
Таксама вернікі памятаюць яго як натхнёнага пілігрыма, які паклаў пачатак пешым пілігрымкам Іўеўскага дэканату ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Дзякуючы ксяндзу Яну шмат вернікаў мелі магчымасць наведваць многія санктуарыі Беларусі і замежжа.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Раман Ярмош