30 снежня ў Навагрудку адбылося пахаванне с. Тэрэзы Касінскай з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Законніца адышла ў вечнасць 27 снежня на 95-м годзе жыцця.
Пахавальная Імша цэлебравалася ў касцёле Перамянення Пана, з якім сястра Тэрэза была асабліва звязана. Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, якому сястра Тэрэза рупліва дапамагала, калі ён быў пробашчам парафіі ў Навагрудку і калі потым стаў біскупам. Сярод шматлікіх удзельнікаў літургіі былі родныя і знаёмыя спачылай, манахіні яе кангрэгацыі, духавенства, у тым ліку іерархі: арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Біскуп Гродзенскі, вітаючы прысутных, падкрэсліў, што сястра Тэрэза была “вялікім духоўным аўтарытэтам, пакорнай слугой Панскай нівы і той, каго Езус зрабіў сваёй абранніцай”.
Біскуп Андрэй Зноска ў гаміліі з цеплынёй узгадаў пра сястру Тэрэзу, якую ў Навагрудку называлі “пані Сабіна”, бо такім было яе імя пры нараджэнні. У сваіх жывых успамінах біскуп адзначыў, што менавіта яна, калі яму было пяць гадоў, рыхтавала яго да Першай Камуніі.
У канцы Імшы правінцыяльная настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак с. Філатэя Ціхановіч падзякавала прысутным за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі спачылай.
Пахаванне адбылося, згодна з жаданнем сястры Тэрэзы, на мясцовых могілках, на месцы, дзе да эксгумацыі была пахавана слуга Божая с. Малгажата Банась – адзіная з супольнасці дванаццаці навагрудскіх назарэтанак, хто застаўся ў жывых пасля расстрэлу нацыстамі астатніх адзінаццаці назарэтанак у час ІІ Сусветнай вайны. З ёю сястру Тэрэзу злучала шматгадовае сяброўства.
Сястра Тэрэза Касінская нарадзілася 27 кастрычніка 1930 г., пры хросце атрымала імя Сабіна.
30 студзеня 1973 г., адказаўшы на Божы заклік да кансэкраванага жыцця, уступіла ў супольнасць назарэтанак, дзе ёй было дадзена манаскае імя Тэрэза.
На яе жыццёвым шляху не было недахопу ў дарах Божай ласкі. Вялікай ласкай можна назваць і яе асабістае знаёмства ў дзяцінстве з благаслаўлёнымі назарэтанкамі-мучаніцамі з Навагрудка. Дапамогай у тым, каб узрастаць у святасці і ўпэўнівацца ў сваім пакліканні, было для яе шматгадовае сяброўства з с. Малгажатай Банась – адзінай з навагрудскіх назарэтанак, якая засталася ў жывых пасля мучаніцкай смерці астатніх адзінаццаці.
Шмат гадоў сястра Тэрэза служыла ў Навагрудку, дзе сярод іншага верна і аддана дапамагала а. Войцеху Навачыкy ОМІ да самай яго смерці. Таксама яна з вялікай руплівасцю дапамагала сённяшняму біскупу Пінскаму Антонію Дзям’янку, калі ён быў пробашчам парафіі ў Навагрудку, а пазней біскупам у Гродне, Мінску i Пінску.
Апошнія гады сястра Тэрэза праводзіла ў манаскім доме назарэтанак у Гродне, дзе і адышла ў вечнасць у прысутнасці сясцёр сваёй супольнасці, перад смерцю прыступіўшы да святых сакрамэнтаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі