Skip to main content

У Мастах адзначылі 25-годдзе з часу асвячэння касцёла

masty 1

18 кастрычніка парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах адзначыла 25-годдзе з часу асвячэння свайго касцёла.

У парафіі называюць урачыстасці з нагоды гэтага юбілею “святам веры і ўдзячнасці”. Імшу ў межах святкаванняў цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у ёй удзельнічалі пробашч парафіі кс. Віктар Ханько і святары суседніх парафій у знак духоўнага адзінства каталіцкай супольнасці рэгіёну.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што святыня – не проста будынак, а жывы арганізм, у якім Дух Святы дыхае праз малітву, служэнне і братэрскую любоў парафіян.

“Кожны, хто пераступае парог гэтага касцёла, адчувае асаблівую прысутнасць Маці Божай, – сказаў іерарх. – І ў гэтым – вялікая Божая міласэрнасць для ўсяго нашага горада”.

Сярод гасцей асабліва цёпла віталі старшыню Мастоўскага райвыканкама Андрэя Санько, які павіншаваў парафіян з юбілеем і нагадаў пра значны ўклад Касцёла ў духоўнае і культурнае развіццё рэгіёну. Ён уручыў кс. Віктару Ханько падзячную грамату, адзначыўшы яго шматгадовае служэнне і нястомны клопат аб парафіянах.

masty 8

На свяце сабраліся вернікі не толькі з Мастоў, але і з іншых населеных пунктаў, чыё жыццё за 25 гадоў стала звязана з гэтым касцёлам. Многія ўспаміналі, як маліліся тут у цяжкія часы, хрысцілі дзяцей, уступалі ў шлюб, прыходзілі за суцяшэннем і надзеяй. Асаблівае месца ў іх памяці займае кс. канонік Рышард Якубец, які шмат гадоў быў дэканам Мастоўскага дэканату, стараннямі якога быў пабудаваны касцёл у Мастах і які адышоў у вечнасць у мінулым годзе. У парафіі адзначаюць, што яго спадчына працягвае жыць як у сценах святыні, так і ў кожнай малітве, якая прамаўляецца там, і што парафіяне памятаюць яго ў малітвах.

“Сёння касцёл у Мастах – не толькі архітэктурная пярліна, але і месца, якое распаўсюджвае водар прыгажосці: прыгажосці веры, любові, утульнасці і малітвы, – паведамляюць з парафіі. – Гэты духоўны дом ужо чвэрць стагоддзя служыць месцам малітвы, яднання сем’яў, добрых спраў і ўмацавання веры. Пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Віктара парафія актыўна развіваецца: праводзяцца малітоўныя сустрэчы, рэкалекцыі, “Канікулы з Богам” для дзяцей. Дзверы святыні заўсёды адчынены для кожнага, хто шукае Бога ці проста добрага слова. Няхай Маці Божая Тройчы Цудоўная і далей ахоўвае гэтую святыню, парафіян і ўсіх, хто тут моліцца, а Пан няхай падорыць нашай парафіі яшчэ многія гады служэння, міру і ласкі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі