Skip to main content

Ружанец у катэдры з’яднаў моладзь гродзенскіх парафій

rozaril katedra 8

18 кастрычніка, у свята апостала Лукі, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбыўся Ружанец для моладзі.

Кастрычнік – месяц, які ў Каталіцкім Касцёле асабліва прысвечаны малітве Ружанца. Малітву ў катэдры правялі прадстаўнікі моладзі розных парафій горада, удзельнічалі ў ёй маладыя гродзенскія вернікі разам са сваімі душпастырамі.

Паколькі ў гэтым месяцы ў Беларусі праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові, прысутныя асаблівым чынам маліліся за сваіх бацькоў, дзякуючы ім за дар жыцця і веры.

Правядзенне Ружанца для моладзі стала першай ініцыятывай кс. Яўгена Амасёнка, новага душпастыра моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, на гэтай пасадзе. Душпастырам моладзі яго нядаўна прызначыў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

rozaril katedra 13

Пасля малітвы адбылася святая Імша, якая цэлебравалася ля алтара Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі моладзі. Узначаліў літургію пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі. Звяртаючыся да маладых людзей, ён заклікаў іх даручыць Богу праз заступніцтва Панны Марыі ўсе свае просьбы і інтэнцыі.

Пасля Імшы ксёндз Ян пазнаёміў прысутных з гісторыяй катэдры, а таксама абраза Маці Божай Кангрэгацкай, якая ўшаноўваецца там шмат гадоў і да якой прыходзіць мноства пілігрымаў. Святар распавёў пра цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай, дадаўшы, што і сёння многія людзі атрымліваюць патрэбныя дары і ласкі дзякуючы просьбам, з якімі Панна Марыя звяртаецца да свайго Сына.

Ксёндз Ян запрасіў часцей бываць у гродзенскай катэдры, а таксама заахвоціў да шчырай малітвы перад Кангрэгацкай іконай.

Душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў канцы сустрэчы падзякаваў прысутным за ўдзел.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч