Skip to main content

Слова Старшыні ККББ арцыбіскупа Станеўскага на Успамін усіх памерлых вернікаў

2021 10 15 abp 003 1

Кроў Хрыста, збаўленне душаў чыстцовых, — выбаў нас.

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Учора, 1 лістапада, у паўсюдным Каталіцкім Касцёле мы адзначалі ўрачыстасць усіх святых. Безумоўна, першым святым і настаўнікам святасці быў і ёсць Езус Хрыстус — адзіны наш Збаўца. Мы дзякуем Богу за сведчанне веры безлічы святых і благаслаўлёных, таксама і з нашага краю, якія выбралі Хрыста, пацвердзілі сваю вернасць нашаму Збавіцелю, аддаўшы за Яго сваё жыццё. Таму, можа, крыху інакш учора мы ўглядаліся ў неба, дзе прабываюць тыя, хто праз сваю праведнасць і святасць ужо знаходзіцца ў шчаслівай вечнасці з Богам. Мы ўглядаліся ў бязмежнасць неба, спадзеючыся, што многія з нашых родных, сяброў і знаёмых ужо таксама далучаныя да шэрагу святых.

Мае дарагія! 2 лістапада мы адзначаем успамін усіх памерлых вернікаў. Паводле гістарычных звестак вядома, што ўжо ў ІІ стагоддзі першыя хрысціяне ахвяроўвалі святую Імшу за памерлых падчас іх пахавання, а таксама ў гадавіну іх смерці. Традыцыя ж малітваў за памерлых у канкрэтны дзень узнікла ў Х стагоддзі па ініцыятыве святога Адылона, бэнэдыктынскага абата з Клуні ў Францыі. Ён устанавіў 2 лістапада днём малітваў за душы ўсіх памерлых вернікаў, і неўзабаве гэтая традыцыя распаўсюдзілася ў Еўропе і на нашых тэрыторыях.

Сёння, адзначаючы ўспамін усіх памерлых вернікаў, мы думаем пра тых, хто завяршыў сваю зямную вандроўку, але яшчэ, можа, не кампенсаваў доўг Божай справядлівасці за свае грахі і правіны. Гэты доўг душы памерлых кампенсуюць праз асабістыя цярпенні на працягу таго перыяду, які патрэбны для іх ачышчэння. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла падкрэсліваецца, што вернік, «які памірае ў Хрысце, пасля заканчэння свайго зямнога існавання пераходзіць да спаўнення новага жыцця, распачатага падчас хросту. (…) Сэнс смерці хрысціяніна выяўляецца ў святле смерці і ўваскрасення Хрыста, нашай адзінай надзеі; хрысціянін, які памірае ў Езусе Хрысце, пакідае цела, каб "пасяліцца ў Пану"» (КККК, 354).

Любыя браты і сёстры!

З пункту гледжання веры смерць чалавека — гэта пасха, пасхальная падзея, таму што пасля смерці распачынаецца сустрэча з уваскрослым Хрыстом. Менавіта ў гэтай магчымасці сустрэчы з нашым Збаўцам праяўляецца бязмежная любоў Бога.

Нядаўна папа Леў XIV ў адной са сваіх катэхезаў, прысвечаных Юбілейнаму году, разважаў над таямніцаю Вялікай суботы: «Гэта дзень Пасхальнай містэрыі, у якой усё здаецца непарушным і маўклівым, аднак насамрэч здзяйсняецца нябачная справа збаўлення: Хрыстус сыходзіць у валадарства адхлані, каб занесці пасланне пра ўваскрасенне ўсім, хто быў у цемры і ў ценю смерці. Гэтае здарэнне, пра якое захавалі памяць літургія і Традыцыя, — найглыбейшы і самы выразны жэст любові Бога да чалавецтва, бо недастаткова гаварыць або верыць, што Езус памёр за нас: трэба прызнаць, што вернасць Яго любові пажадала шукаць нас там, дзе мы самі згубіліся; там, куды сягае толькі сіла святла, здольнага пранізаць панаванне цемры».

У біблійным разуменні пекла — гэта не столькі месца, колькі экзістэнцыйны стан. Стан, у якім жыццё пазбаўлена моцы, а пануюць боль, самотнасць, віна і адлучанасць ад Бога. Хрыстус знаходзіць нас нават у гэтай адхлані, пераступаючы брамы гэтага валадарства цемры.

Ён проста ўваходзіць у дом смерці, калі можна так сказаць, каб яго апусташыць, каб вызваліць яго жыхароў, выводзячы кожнага за руку. Гэта пакора Бога, які не спыняецца перад нашым грахом, які не баіцца, што чалавек цалкам адкіне Яго.

Апостал Пётр у кароткім фрагменце свайго першага Паслання, гаворыць нам, што Езус, ажыўлены ў Духу Святым, пайшоў абвясціць збаўленне нават «тым духам, што ў вязніцы» (1 П 3, 19). Гэта адзін з самых узрушлівых вобразаў, які сустракаецца ў апакрыфічным тэксце, што называецца Евангеллем Нікадэма. Паводле гэтай Традыцыі, Сын Божы ўвайшоў у самую змрочную цемру, каб дайсці нават да апошняга са сваіх братоў і сясцёр, каб занесці туды сваё святло. У гэтым жэсце заключана ўся моц і чуласць пасхальнага паслання: смерць ніколі не будзе апошнім словам.

Дарагія, гэтае зыходжанне Хрыста ў адхлань датычыць не толькі мінуўшчыны, але і жыцця кожнага з нас.

Адхлань — гэта стан не толькі памерлых, але таксама і тых, хто зведвае смерць па прычыне зла і граху. Гэта таксама штодзённае пекла самотнасці, сораму, пакінутасці, жыццёвых цяжкасцяў. Хрыстус уваходзіць ва ўсе гэтыя змрочныя сферы рэчаіснасці, каб сведчыць нам пра любоў Айца. Не для таго, каб асуджаць, а каб вызваляць. Не для таго, каб абцяжарваць віною, а каб збаўляць.

Ён робіць гэта без розгаласу, таемна, як хтосьці, хто ўваходзіць у бальнічную палату, каб прынесці суцяшэнне і дапамогу. (…) Пан сыходзіць туды, дзе чалавек схаваўся ад страху, і кліча яго па імені, бярэ за руку, падымае, праводзіць да святла. Ён робіць гэта як Той, Каму належыць уся ўлада, але таксама з бязмежнаю лагоднасцю, як бацька ў адносінах да сына, які баіцца, што ён ужо не любімы. (…) Ён не збаўляе толькі самога сябе, не вяртаецца да жыцця адзін, але вядзе за сабою ўсё чалавецтва. Вось сапраўдная хвала Уваскрослага: гэта моц любові, салідарнасць Бога, які не хоча выратаваць сябе без нас, але толькі з намі; Бога, які ўваскрасае, ахопліваючы нашае ўбоства і падымаючы нас для новага жыцця.

Дарагія браты і сёстры.

Для Бога зыходжанне ў адхлань — гэта не паражэнне, а спаўненне Яго любові. Гэта не пройгрыш, а шлях, праз які Ён паказвае, што для Яго любові не існуе занадта далёкага месца, занадта замкнутага сэрца ці занадта закрытай магілы. Гэта нас суцяшае, гэта нас падтрымлівае.

А калі часам нам здаецца, што мы апусціліся на дно, памятайма: менавіта з гэтага месца Бог мае моц распачаць новае стварэнне. Стварэнне, у якім людзі будуць узнесеныя, сэрцы — прабачаныя, слёзы — выцертыя. Вялікая субота — гэта ціхія абдымкі Хрыста, праз якія Ён прыводзіць усё стварэнне да Айца, каб нанова ўключыць яго ў свой план збаўлення» (З катэхезы Пасха Езуса, 24 верасня 2025 г.).

Умілаваныя! У кожнага з нас калісьці будзе асабістая «Вялікая субота», калі мы станем на парозе вечнасці. Безумоўна, усе мы спадзяемся на Божую літасць і любоў. Аднак трэба памятаць, што Божая міласэрнасць заканчваецца з момантам смерці чалавека, пасля якой наступае час Божай справядлівасці. Таму не ўсе адразу «паселяцца ў Пану». Толькі праведныя заслужаць шчаслівую вечнасць, а тым душам, якія яшчэ не кампенсавалі за наступствы сваіх грахоў, патрэбна будзе ачышчэнне. Такія душы перажываюць стан чыстца, які ў кожнай душы іншы. Трэба нам памятаць таксама, што чысцец існуе дзякуючы Божай міласэрнасці, і ўсе тыя душы, якія церпяць у чыстцы, раней ці пазней дасягнуць неба, яны ўжо не будуць асуджаныя на пагібель. Але таксама і Божая воля заключаецца ў тым, каб людзі траплялі не ў чысцец, а адразу дасягнулі Нябеснага Валадарства. Бо зямное жыццё нам і дадзена менавіта для таго, каб мы, выбіраючы арыенцірам Езуса Хрыста і верна ідучы за Ім, апрануліся ў новага чалавека (Эф 4, 24), навучыліся любіць Бога і бліжняга, каб дзякуючы тым шматлікім духоўным сродкам, якія дае нам Касцёл, не толькі ачысціцца ад грахоў, але і пазбавіцца ад іх наступстваў.

Мае дарагія! Сёння Касцёл заклікае вернікаў ахвяроўваць «малітвы ўміласціўлення, асабліва Эўхарыстычную Ахвяру, а таксама міласціну, адпусты і справы пакаяння» (КККК, 211), каб дапамагчы душам чыстцовым хутчэй дасягнуць нябеснага шчасця.

Заахвочваю вас, мае любыя браты і сёстры, да руплівай малітвы ў іх інтэнцыі, асабліва на працягу актавы з 1 па 8 лістапада, калі можна пры звычайных умовах атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы чыстцовыя.

Не забывайма таксама маліцца за іх на працягу ўсяго літургічнага года, бо душы чыстцовыя вельмі чакаюць нашых малітваў, ахвяраваных цярпенняў, і самай галоўнай дапамогі — святых Імшаў за іх. Самі сабе гэтыя душы не могуць дапамагчы, але яны, як сведчаць многія святыя, вельмі ўдзячныя ўсім, хто за іх моліцца і могуць выпрасіць для нас неабходныя ласкі.

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце! Касцёл і манаскія супольнасці штодзённа моляцца за ўсіх памерлых, але таксама і свецкія вернікі, якія належаць да розных малітоўных рухаў, моляцца за душы, церпячыя ў чыстцы. Нагадаю, што ў сувязі з малітоўнай падрыхтоўкай да прысвячэння нашага Касцёла Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста праводзіцца Навэнна. 1-га лістапада ў парафіях, а 8-га лістапада — ў Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе разам з пілігрымамі і адказнымі манаскімі супольнасцямі будзем маліцца за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў, за тых, хто загінуў ад пераследу за веру, і за душы, церпячыя ў чыстцы. Варта памятаць словы благаслаўлёнага айца Ганарата Казьмінскага, заснавальніка Кангрэгацыі сясёр памочніц душам чыстцовым, які зазначаў, што наша дапамога памерлым вельмі карысная для нас саміх: «Душы памерлых могуць карыстацца толькі адною часткаю заслугаў, што вынікаюць з нашых малітваў і ўчынкаў (а менавіта заслугаю ўміласціўлення), а рэшта заслугаў ідзе нам на дабро».

Заахвочваю вас, мае любыя вернікі, падтрымаць гэтую духоўна-малітоўную ініцыятыву і маліцца разам, каб выпрасіць спакой, Божую літасць да свету і да нашай Айчыны, да нашых сем’яў, дзяцей і моладзі.

Святы Ян Віянэй у казанні «Пра дзень задушны» гаварыў:

«Калі мы хочам заслужыць неба, ратуйма душы, якія церпяць у чыстцы, бо ахвотная дапамога ім — амаль пэўны знак збаўлення».

Просім сёння Усемагутнага Бога: «Учыні, Пане, каб душы слугаў Тваіх, ачышчаныя ад сваіх правінаў, атрымалі прабачэнне і вечны спакой. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.»

На шчырую малітву і глыбокае перажыванне актавы ў інтэнцыі ўсіх памерлых вернікаў ад усяго сэрца благаслаўляю: ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

1 лістапада 2025 г.

Урачыстасць Усіх Святых

Паводле Catholic.by