
29 лістапада ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне алтара Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Святую Імшу ля алтара цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод святароў, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, былі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, прысутнічала шмат вернікаў катэдры і іншых гродзенскіх парафій. На літургіі маліліся за ўсіх, хто матэрыяльна падтрымаў рэстаўрацыю алтара.
Алтар быў цалкам адноўлены з захаваннем свайго гістарычнага аблічча. Былі заменены састарэлыя драўляныя канструкцыі алтара, адрэстаўраваны яго разныя элементы, цалкам адноўлена гістарычная ікона пачатку ХХ стагоддзя.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі адзначыў, што абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі “на працягу стагоддзяў быў месцам ціхай малітвы, даверу, плачу, надзеі і паяднання”, да гэтага абраза прыходзіла шмат пакаленняў вернікаў, ён “вучыць надзеі, малітве і даверу Богу”.
Разважаючы над фрагментам Апакаліпсісу, які ўключалі літургічныя чытанні гэтага дня, біскуп падкрэсліў: “Бог не пакідае сваіх дзяцей, і асаблівым чынам не пакідае тых, хто хаваецца пад плашчом Марыі. У гэты вечар, калі мы адкрываем адноўлены алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі, гучыць асабліва выразна: Марыя – наша абарона ў час духоўнай барацьбы. Колькі душаў у нашай катэдры знайшлі перад гэтым абразом моц, калі прыходзілі, будучы на мяжы адчаю. Колькі разоў хто-небудзь з нас, можа, і без слоў, проста глянуў у Яе вочы і адчуў: “Я не адзін. Я не згублены. Бог блізка. Марыя са мной”.
Іерарх дадаў, што Маці Божая “прыходзіць, каб несці суцяшэнне”, “заўсёды вядзе да Бога, заўсёды супакойвае”, а таксама, як паказвае Яе гімн “Magnificat”, змешчаны ў Пісанні, “вучыць нас дзякаваць за Божыя дары, бачыць Божую руку ў гісторыі, не баяцца будучыні”. “Калі мы будзем станавіцца людзьмі Magnificat – людзьмі, якія хваляць Бога, – мы сапраўды будзем людзьмі надзеі, мужнасці і святла”, – сказаў біскуп.

Па яго словах, на абразе Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вачах Панны Марыі бачныя “сум, пяшчота і моц”, “Яна як бы кажа кожнаму: “Я з табой. Я нясу цябе да Сына”, – а Дзіцятка Езус “прыціскаецца да Марыі, але адначасова глядзіць на крыж, які трымае анёл”. Іерарх патлумачыў гэта так: “Хрыстус прыйшоў у свет дзеля збаўлення, а Марыя вядзе нас да Яго Валадарства праз удзел у Яго Муках. Марыя не абяцае нам лёгкага жыцця. Яна абяцае спадарожніцтва. Абяцае, што не пакіне. Абяцае, што будзе з намі нават у цёмныя хвіліны. Гэты абраз вучыць нас даверу. Даверу там, дзе мы не разумеем. Даверу, калі жыццё цяжкае. Даверу, калі мы губляем сілы, калі наш шлях становіцца пустыняй. Марыя кажа: “Я з табою. Хто можа быць супраць цябе?” “Дапамога названа “нястомнай” таму, што ў Божай любові няма перапынкаў. Бо Марыя моліцца няспынна, Яна ўмее прыносіць Божую ласку ў самыя складаныя сітуацыі”, – дадаў біскуп.
Іерарх нагадаў пра візіт Папы Льва XIV у Турцыю і Ліван, які пачаўся ў гэтыя дні, адзначыўшы, што Маці Божую “асабліва ўшаноўваюць у розных традыцыях Усходу”.
У межах гэтага візіту, па словах біскупа, Папа хоча звярнуць увагу, што “Марыя – Маці адзінства”, “мост паміж хрысціянамі, хрысціянамі і мусульманамі, народамі і культурамі”, “Маці надзеі для прыгнечаных народаў”, “абарона і супакой”.
Кажучы пра аднаўленне алтара, біскуп падкрэсліў, што “касцёлы – не проста архітэктурныя помнікі, хоць часта з’яўляюцца і скарбамі культуры; гэта найперш дом Бога і Божага народа – а дом патрабуе клопату”. “Калі мы аднаўляем алтар – гэта знак таго, што вера жыве, што наш народ не забывае пра свае карані, што Касцёл на Беларусі дыхае і расце, – заўважыў іерарх. – Рэстаўрацыя – гэта праца сэрца, павага да гісторыі, захаванне памяці, ахвяра на карысць наступных пакаленняў”.

Біскуп падзякаваў усім, хто прычыніўся да аднаўлення алтара, у тым ліку пробашчу парафіі, тым, хто ахвяраваў сродкі, сілы і малітву на гэтую справу, рэстаўратарам.
Ён пажадаў, каб гэты алтар стаў “крыніцай супакою” і каб Маці Божая “трымала наш народ пад сваім плашчом”.
Пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі, выказваючы падзяку ахвярадаўцам і рэстаўратарам, адзначыў, што працы па аднаўленні алтароў у катэдры будуць працягвацца: цяпер чарга алтара св. Язафата Кунцэвіча.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Агата Фядкевіч
