Skip to main content

7 снежня – дзень малітвы за ахвярадаўцаў Касцёла на Гродзеншчыне

photo 2025 12 03 15 38 51

7 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, па традыцыі будзе адзначацца дзень малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла на Гродзеншчыне.

У сёлетнім паведамленні на гэты дзень біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй падкрэслівае, што дыяцэзія ўжо шмат гадоў карыстаецца шчодрай дапамогай людзей добрай волі, дзякуючы якім мясцовы Касцёл атрымлівае элементы літургічнага адзення, элементы абсталявання сакральных будынкаў, а таксама фінансавую падтрымку разнастайных душпастырскіх, катэхетычных, адукацыйных, будаўнічых і дабрачынных праектаў.

“Заахвочваю ўсіх вернікаў памятаць у сваіх індывідуальных малітвах таксама пра тых, хто ў знак хрысціянскай салідарнасці аказвае нашаму мясцоваму Касцёлу бескарыслівую дапамогу”, – гаворыцца ў паведамленні.

Такім чынам, у гэты дзень вернікі заахвочваюцца да малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў Касцёла, з чыёй дапамогай у нашай краіне ўзводзяцца і аднаўляюцца святыні і ажыццяўляюцца розныя душпастырскія праекты.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі