Skip to main content

У гродзенскай катэдры з удзелам біскупаў адзначылі ўрачыстасць у гонар Францішка Ксаверыя

katedra adpust 5

3 снежня ў гродзенскім катэдральным касцёле адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар яго галоўнага апекуна – святога Францішка Ксаверыя, успамін якога прыпадае на гэты дзень.

Увечары святую Імшу ў катэдры ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод святароў, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, на літургіі прысутнічала вялікая колькасць вернікаў, у тым ліку дзеці. Пастыр дыяцэзіі цэлебраваў літургію ў інтэнцыі катэдральнай парафіі на чале з яе пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім, просячы Бога аб тым, каб парафіяльная супольнасць брала прыклад са свайго нябеснага апекуна і ішла шляхам святасці.

У гаміліі біскуп Гродзенскі звярнуўся між іншым да дзяцей. Нагадаўшы, што ў перыяд Адвэнту многія з маленькіх вернікаў удзельнічаюць у ранішніх раратніх Імшах, ён сказаў: “Сёння вы прыйшлі з ліхтарыкамі, з запаленымі свечкамі надзеі... Вы як маленькія місіянеры. Бо, калі вы ўстаеце раніцай, калі моліцеся, калі робіце дабро ў школе, дома, дапамагаеце маме і тату, умееце падзяліцца і не сварыцца – вы нясеце Езуса туды, дзе вы ёсць. Вы становіцеся маленькімі апосталамі, як святы Францішак Ксаверый. Ён вандраваў па краінах, каб расказаць пра Езуса людзям, якія ніколі не чулі пра Яго. А вы можаце быць місіянерамі тут, у школе, дома, сярод сяброў. Бо сапраўдная місія заўсёды пачынаецца ў сэрцы”.

Кажучы пра завяршэнне Юбілейнага года, які ў Каталіцкім Касцёле праходзіў пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, біскуп падкрэсліў, што “ўсе мы пакліканы быць людзьмі надзеі і людзьмі місіі”. Іерарх адзначыў, што Францішак Ксаверый, які быў місіянерам у Індыі, Японіі і іншых месцах, сябрам Ігнацыя Лаёлы і адным з першых езуітаў, меў “вялікае сэрца, гарачы запал і безумоўную любоў да Хрыста”, “жыў Евангеллем і паміраў, несучы яго”, і што сэрца гэтага святога было настолькі натхнёна сустрэчай з Хрыстом, што не магло маўчаць.

katedra adpust 1

Па словах біскупа, місіянерства – сутнасць кожнага ахрышчанага, таму не трэба думаць: “Я не ўмею прапаведаваць”, “Няхай місіянерствам займаюцца святары”. “Езус кажа выразна: “Ідзіце!” Не сядзіце, не чакайце, не вывучайце абставіны, а менавіта: “Ідзіце!” Гэтае слова як духоўны імператыў, як даручэнне, якое нельга адкласці, – патлумачыў іерарх. – Усё жыццё Францішка Ксаверыя стала адказам на адно слова: “Ідзі!”

Біскуп звярнуў увагу на тое, што перыяд Адвэнту, які папярэднічае Божаму Нараджэнню, – “не проста чаканне падарункаў, сняжынак і каляднага настрою, а духоўны рэйс: мы ідзём, мы крочым, мы рыхтуемся”. Па яго словах, з місіянерствам Адвэнт звязаны таму, што місіянерства “пачынаецца там, дзе сэрца адкрываецца на прыйсце Пана”, – а гэтаму вельмі садзейнічае перыяд Адвэнту, які дае чалавеку магчымасць спытацца ў Бога: “Пане, як Ты хочаш, каб я Табе служыў?”

Іерарх заўважыў, што няправільна думаць, быццам “Евангелле цяпер нікому не патрэбна”, “місіянерства – рэлікт мінулага” ці “людзі самі разбяруцца”. Ён падкрэсліў, што, наадварот, людзі сёння адчуваюць “голад па Евангеллі, па праўдзе і любові, па надзеі і сэнсе, па Богу”.

Місіянерства, па словах біскупа, вернік ажыццяўляе нават тады, калі не ўсведамляе гэтага: у сям’і (“калі муж і жонка моляцца разам, калі бацькі благаслаўляюць дзяцей перад сном, калі ўмееце прабачыць адно аднаму”), у працы (“калі працуеце сумленна, не падманваеце, не крадзяце, не жывяце падвойным жыццём”), у парафіі (“удзел у малітве, у парафіяльным жыцці, ахвяраванні”), у штодзённых паводзінах (“калі мы саступаем месца старэйшаму ў транспарце, калі мы маем цярплівасць у чарзе ў краме, калі мы ветлівыя”). Таксама, дадаў іерарх, місіянерства – гэта “ўласнае навяртанне: калі я прабачаю, перамагаю свой гнеў, не адказваю злом на зло, здаю экзамен у любові, шукаю Бога ў малітве”.

Біскуп патлумачыў, што сустрэць Божае Нараджэнне як місіянер – значыць “адкрыць сваё сэрца, убачыць тых, хто побач, падзяліцца тым, што маеш, не забыцца пра самотных, не прайсці міма бедных, не закрыцца ў сваіх праблемах, не забыцца пра Бога ў малітве”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі