4 чэрвеня, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылося завяршэнне навучальнага года.
З гэтай нагоды ў семінарыйнай капліцы адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой выкладчыкі і студэнты дзякавалі за чарговы навучальны год і за ўсе атрыманыя ў гэты перыяд дары і ласкі.
Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Усіх сабраных прывітаў рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі, які падкрэсліў, што гэты навучальны год быў багаты на розныя падзеі, а для семінарыстаў быў чарговым крокам на шляху да святарства.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч разважаў над сутнасцю свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, якое адзначаецца сёлета ў Касцёле толькі ў восьмы раз і было ўстаноўлена Папам Бэнэдыктам XVI у 2012 г.
Іерарх падкрэсліў, што гэтае свята перад абліччам крызісу святарства, які назіраецца ў многіх краінах, перад абліччам змяншэння колькасці пакліканняў, апусцелых семінарый, кляштараў і касцёлаў запрашае скіраваць позірк веры на Хрыста – Найвышэйшага і Вечнага Святара.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што час семінарыйнай фармацыі – гэта час падрыхтоўкі да вялікай, прыгожай і ганаровай, а разам з тым вельмі цяжкай і адказнай задачы – удзелу ў Хрыстовым святарстве.
Таму, дадаў ён, найважнейшая справа семінарыстаў – не змарнаваць час, які яны праводзяць у гэтых сценах, а выкарыстаць яго як мага лепш і паўней.
Іерарх адзначыў, што перад семінарыстамі зараз цудоўны час канікул, які павінен стаць нагодай да выкарыстання здабытых ведаў і ўменняў, да дзялення з іншымі верай, да здабыцця новага душпастырскага досведу, які, несумненна, будзе карысным у іх будучым святарскім служэнні.
З гэтай прычыны біскуп папрасіў семінарыстаў пастаянна клапаціцца ў гэты час пра дзве фудаментальныя сувязі ў сваёй ідэнтычнасці. Першая і найважнейшая – гэта наша асабістая сувязь з Хрыстом. „Кожны раз, калі святар аддаляецца ад Езуса, калі занядбоўвае свае адносіны з Ім, паступова згасае і памірае яго душпастырская актыўнасць”, – дадаў іерарх.
Яшчэ адна важная сувязь для святарскай ідэнтычнасці, як падкрэсліў ён, – гэта сувязь святара з народам. “Святар павінен нястомна выходзіць да людзей з пасланнем Добрай Навіны, падобна як Хрыстус быў блізкі да ўсіх, а асаблівым чынам выявіў гэтую блізкасць, паміраючы за нас на крыжы”, – сказаў біскуп.
Іерарх даў семінарыстам некалькі парадаў на канікулы. Ён заахвоціў іх у гэты час клапаціцца аб сваёй асабістай сувязі з Хрыстом праз малітву і разважанне, праз штодзённы ўдзел у Эўхарыстыі і частае прыступанне да сакрамэнту пакаяння.
“Не занядбоўвайце духоўнага чытання, рахунку сумлення і іншых практык. Клапаціцеся таксама аб сувязі з народам, дапамагаючы вашым ксяндзам пробашчам, спаўняючы старанна і дбайна абавязкі, якія яны вам даручаюць, праяўляйце ініцыятыву і руплівасць”, – дадаў біскуп.
Ён пажадаў, каб адносіны семінарыстаў з вернікамі ўжо сёння былі поўныя павагі, пакоры, бескарыслівасці і прагнення служыць.
Іерарх выказаў удзячнасць усім, хто ўдзельнічае ў фармацыі будучых святароў. Ён падзякаваў біскупу Юзафу, выкладчыкам і выхаваўцам на чале з рэктарам семінарыі кс. Віталіем Вайцяхоўскім.
Словы ўдзячнасці ён выказаў таксама духоўнаму айцу семінарыі кс. Яну Сарэлу, пракуратару кс. Валерыю Аброшку, прэфекту кс. Яну Раманоўскаму, сёстрам законным і свецкім супрацоўнікам за ўдзел у вялікай і адказнай справе фармацыі будучых святароў.
Пасля Імшы адбылося адмысловае пасяджэнне з удзелам выкладчыкаў, падчас якога былi падведзены вынiкi года.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Aндрэй Юхнік