У межах агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця, які 10 лютага адзначылі ў Гродне, законнікі і законніцы з усёй краіны разам маліліся і разважалі над надзённымі заданнямі свайго служэння.
Пасля завяршэння святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, удзельнікі сустрэчы з гродзенскай катэдральнай базылікі скіраваліся ў Вышэйшую духоўную семінарыю.
Там пасля абеду адбылася працоўная частка агульнабеларускага Дня кансэкраванага жыцця — семінар на тэму: Quo vadis, persona consecrata? — «Куды ідзеш, кансэкраваная асоба?»
Для абмеркавання надзённых пытанняў законнікаў і законніц запрасілі ў «Сусветную кавярню».
У вялікай зале былі расстаўлены сталы, за якімі адбывалася абмеркаванне. На кожнае пытанне было адведзена не больш за чвэрць гадзіны; калі гэты час мінаў, можна было перайсці за іншы стол і працягнуць дыскусію.
Пасля адбылося падвядзенне вынікаў на агульным форуме.
Сустрэча атрымалася дынамічнай і прадуктыўнай, яе вынікі апрацуе каардынацыйная група.
Напрыканцы сустрэчы сястра Любаміра Кругавая з супольнасці Сясцёр святога Дамініка ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Беларусі, падзякавала біскупам за прысутнасць на Дні кансэкраванага жыцця і за супольную працу, прадстаўнікам гродзенскай семінарыі і ўсім гаспадарам — за гасціннасць, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі мерапрыемства.
Словы асаблівай падзякі былі скіраваныя старшыні Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB, які цяпер знаходзіцца ў Італіі, але вельмі шмат намаганняў прыклаў для таго, каб сустрэча ў Гродне была плённай.
Заключнае слова ўзяў біскуп Аляксандр Яшэўскі, салезіянін.
Іерарх, які сам з’яўляецца кансэкраванай асобай, адзначыў, што вельмі задаволены сваім удзелам у сустрэчы, а таксама тым, якім чынам яна адбылася.
Біскуп адзначыў вялікую каштоўнасць і неабходнасць сустрэч падобнага кшталту, бо яны даюць імпульс для далейшага руху і развіцця.
На заканчэнне сустрэчы яны разам з біскупам Юрыем Касабуцкім удзялілі ўсім удзельнікам пастырскае благаслаўленне.
Паводле catholic.by
Фота: Павел Леановіч