Skip to main content

Міністранты ашмянскай парафіі здзейснілі велапілігрымку ў Баруны

ministranty baruny 3

6 верасня група міністрантаў парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах здзейсніла велапілігрымку ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах.

З той нагоды, што ў мінулым годзе на цудадзейны барунскі абраз былі ўскладзены кароны, у санктуарыі са жніўня да кастрычніка праходзіць навэнна. У яе межах вернікі дзякуюць Богу за ўскладанне карон, моляцца аб неабходных духоўных дарах, за сем’і, дзяцей, моладзь, Касцёл на Беларусі, Гродзенскую дыяцэзію і нашу краіну. Завяршэннем навэнны стане ўрачыстасць Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, якая адбудзецца ў санктуарыі 11 кастрычніка.
Міністранты падчас пілігрымкі ўзялі ўдзел у малітве навэнны, просячы Маці Божую аб дапамозе ў іх патрэбах і цяжкасцях.

У гэты дзень у Баруны прыбыла група пілігрымаў, якія ў межах узгаданай навэнны маліліся з нагоды пачатку навучальнага года за дзяцей, моладзь, настаўнікаў і катэхетаў.

“Пілігрымка – адзін з многіх спосабаў аддаць пашану Богу і Яго Маці, гэта не толькі фізічнае падарожжа, але і духоўны шлях, – распавёў пра пілігрымку міністрантаў вікарый ашмянскай парафіі кс. Раман Вайцяховіч. – Гэтая велапілігрымка была для ўдзельнікаў не толькі магчымасцю фізічна пераадолець адлегласць, але і шанцам задумацца над сваёй верай, памаліцца, падзяліцца думкамі з сябрамі. Гэта была магчымасць паглыбіць веру, сустрэцца з аднадумцамі і атрымаць духоўную падтрымку ад Маці Божай. Няхай гэтае падарожжа стане для міністрантаў сапраўдным духоўным вопытам, які дапаможа ім у далейшым жыцці служыць Богу і людзям з яшчэ большай адданасцю і любоўю”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі