Skip to main content

Рэкалекцыі пакаяння ў інтэнцыі народа Беларусі прайшлі ў Навагрудку

pakajanne 2

З 5 па 7 верасня ў парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку адбыліся пакаяльныя рэкалекцыі-малітва ў інтэнцыі народа Беларусі.

Гэтыя адмысловыя духоўныя практыкаванні прайшлі ў чацвёрты раз.

Рэкалекцыі распачаліся святой Імшой, якую цэлебраваў у інтэнцыі ўміласціўлення Бога за грахі і знявагі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на важнасці пакаяння і перапрашэння за грахі, а таксама важнасці малітвы за ўсіх жыхароў нашай краіны. Пасля Імшы адбылася аскетычная канферэнцыя, якую правёў пробашч парафіі ва Уселюбе кс. Віталій Цыбульскі.

Познім вечарам па вуліцах Навагрудка прайшоў пакаяльны Крыжовы шлях у інтэнцыі народа Беларусі. У ім узяў удзел біскуп Алег Буткевіч, які на заканчэнне набажэнства прамовіў малітву пакаяння за Беларусь на аснове слоў Кнігі прарока Даніэля. Падчас малітвы ўдзельнікі рэкалекцый ляжалі крыжам у знак глыбокага пакаяння і ўміласціўлення Бога за грахі народа.

У праграме рэкалекцый вялікая ўвага была нададзена малітве і пакаяльным практыкам: адбыліся дзве ўсяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. У другі дзень рэкалекцый была здзейснена пешая пілігрымка ва ўселюбскі касцёл, дзе знаходзіцца фігура Маці Божай Новага Жыцця. У межах пілігрымкі ўдзельнікі рэкалекцый прайшлі 15 кіламетраў.

Таксама адбылося Фацімскае набажэнства, якое ўключала працэсію са свечкамі.

Рэкалекцыі завяршыліся святой Імшой. У заключных словах удзельнікі рэкалекцый выказалі падзяку за правядзенне гэтых духоўных практыкаванняў, вельмі неабходных для нашай краіны, як было адзначана.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі