7 верасня ў касцёл гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля былі ўрачыста ўнесены рэліквіі св. Герарда Маеллы. Унясенне рэліквій здзейсніў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Святы Герард, культ якога цяпер развіваецца на Гродзеншчыне, належаў да Ордэну рэдэмптарыстаў, якія служаць у гэтай парафіі. Святы валодаў незвычайнай харызмай, з’яўляецца памочнікам у споведзі і апекуном тых, хто хоча мець дзяцей.
У гаміліі на Імшы ў парафіяльным касцёле біскуп звярнуў увагу на тое, што вера ў Хрыста даецца нялёгка, гэта “рашэнне і шлях”: “яна каштуе часу, камфорту, самалюбства; часам — непаразумення з боку іншых; часам — сапраўднага крыжа, але ўзнагарода несуразмерна большая: прысутнасць Бога і свабода сэрца”.
Іерарх прапанаваў кожнаму падумаць над пытаннем: “Што ў маім жыцці сапраўды першае – камфорт, меркаванне іншых ці Езус?”
Прапаноўваючы паглядзець на гэтым фоне на Герарда Маеллу, біскуп адзначыў, што той не меў прэзбітэрскага пасвячэння, а быў законным братам Ордэну рэдэмптарыстаў, краўцом па прафесіі, чалавекам ціхім, пакорлівым і паслухмяным. “Але менавіта так будуецца вежа святасці, дзе Эўхарыстыя — цэнтр дня; адарацыя — дыханне душы; дзе існуюць паслухмянасць і пакора — радасць прымаць любую справу, бо праз яе адкрываецца Божая воля; дзе прысутнічае блізкасць да бедных і слабых — бачыць патрэбу і дапамагаць без шуму, а таксама давер Божаму Провіду, – дадаў іерарх. – Святы Герард паказвае, як евангельскія словы становяцца целам у простай штодзённасці: у кожнай кухні, у кожным класе, у кожным кабінеце, у кожным сямейным клопаце”.
Нагадваючы, што гэты святы з’яўляецца памочнікам у споведзі, біскуп адзначыў, што Герард сам часта прыступаў да яе і дапамагаў іншым вяртацца да Бога, “у яго прысутнасці людзі адкрывалі, што міласэрнасць мацнейшая за страх”. “Сёння многія адкладваюць споведзь, кажучы: “Не гатовы”, “Сорамна”, “Не ведаю, з чаго пачаць”. Святы Герард паўтарае: “Ідзі. Езус хоча не асудзіць, а выратаваць”, – сказаў біскуп і даў вернікам такія парады: “Зрабі кароткі штотыднёвы агляд сумлення ў цішыні; загадзя заплануй сур’ёзную споведзь; увайдзі ў канфесіянал з праўдай і даверам, выйдзі з рашэннем прабачыць і пачаць спачатку”. “Эўхарыстыя і споведзь — дзве крыніцы адраджэння сям’і, – падкрэсліў іерарх. – Тут нараджаецца мудрасць сэрца і моц несці крыж без роспачы”.
Кажучы, што Герард – апякун тых, хто хоча мець дзіця, біскуп адзначыў: “Яго пасланне простае і магутнае: кожнае дзіця — благаслаўленне; кожная маці — дар; кожная сям’я — святыня любові”. Іерарх заклікаў вернікаў, каб у іх парафіі мелі месца малітва за дзяцей і канкрэтная дапамога сем’ям у крызісе, каб адрадзіліся сямейная малітва, звычай благаслаўляць дзяцей перад сном.
Па словах біскупа, Герард “быў чалавекам міру: не дзяліў, а злучаў; не асуджаў, а слухаў; не раздуваў агеньчык канфлікту, а прыносіў ваду міласэрнасці”. Іерарх заахвоціў “пачаць сёння з малога”: падумаць, “каму я павінен сказаць “прабач”, каму — “дзякуй”.
Біскуп адзначыў, што дэвіз Ордэну рэдэмптарыстаў — “Copiosa apud Eum redemptio” (“Шматлікае ў Яго адкупленне”), і заўважыў, што “гэта добрая навіна для кожнага: няма граху, якога Бог не здольны прабачыць, няма раны, якую Ён не можа аздаравіць, няма сітуацыі, у якой Ён не можа абнавіць чалавека”.
“Герард вяртаў мір у дом, надзею ў сэрцы, – сказаў біскуп. – З сённяшняга дня яго рэліквіі — як мост паміж нашай зямной патрэбай і Божай шчодрасцю”. Іерарх прапанаваў вернікам “практычныя крокі вучнёўства на прыкладзе святога Герарда”: ставіцца да нядзельнай Імшы не як да абавязку, а як да “сэрца сям’і”, чакаць яе як найважнейшую ў тыдні сустрэчу; зрабіць споведзь пастаянным пунктам у сваім календары; хаця б паўгадзіны ў тыдзень прысвячаць адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту; кожны дзень маліцца адну таямніцу Ружанца; адрадзіць звычай, калі бацькі благаслаўляюць дзяцей; мець у парафіі “кошык жыцця” для маці і немаўлят, з якога б атрымлівалі падтрымку тыя, хто знаходзіцца ў патрэбе; у сям’і штодзень імкнуцца да прымірэння; праяўляць “міласэрнасць у дзеянні” — заўсёды імкнуцца зрабіць нейкі ўчынак міласэрнасці: наведаць самотнага, аддаць час валанцёрству, падзяліцца хлебам. “Гэтыя крокі і ёсць кошт таго, як вучыцца веры, кошт, які робіць парафію жывой, дом — цёплым, сэрца — вольным”, – патлумачыў біскуп.
Сярод шматлікіх удзельнікаў літургіі былі браты Ордэну рэдэмптарыстаў, прадстаўнікі ружанцовых колаў, якія выконвалі абавязкі лектараў, падрыхтавалі малітву вернікаў і працэсію да алтара з дарамі, скаўты, міністранты, бялянкі. Спяваў парафіяльны хор “Vox Domini”.
У канцы Імшы біскуп удзяліў прысутным благаслаўленне рэліквіямі святога Герарда. Пробашч а. Анджэй Ядкоўскі CSsR падзякаваў іерарху за візіт і супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі