У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 35-ы раз распачаўся навучальны год. У агульнай колькасці ў семінарыі 44 студэнты.
Навучальны год, як заўсёды, адкрыўся рэкалекцыямі. Яны працягваліся тры дні, правёў іх кс. Януш Чарнамораў, які паходзіць з Лагішына і служыць пробашчам парафій у Нароўлі, Грушаўцы і Ельску (Пінская дыяцэзія).
У межах рэкалекцый святар падзяліўся гісторыяй свайго паклікання і распавёў, як нясе служэнне на Гомельшчыне. “Ужо з першых слоў стала зразумела, што праца на ўскраіне Беларусі вельмі няпростая”, – паведамляюць нам з семінарыі. Святар распавёў, што бывае ў такіх кутках, дзе пра Бога амаль не чулі і наведванне якіх з лёгкасцю можна назваць “беларускім місіянерствам”.
Праграма рэкалекцый уключала канферэнцыі, набажэнства пакаяння, адарацыю і споведзь. На канферэнцыях студэнтам было прапанавана паразважаць пра святарства і дарогу, якая вядзе да яго. Галоўнымі тэмамі былі нявернасць, спакусы і святарскія каштоўнасці.
Супольнасць семінарыі ўдзячная ксяндзу Янушу за правядзенне рэкалекцый, за тое, што падзяліўся досведам служэння.
Семінарысты просяць маліцца аб тым, каб яны маглі “добра распазнаць сваё пакліканне і стаць святымі святарамі”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі