
27 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Гнезне (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 25-годдзе святарства яе пробашча кс. Рамана Ялоўчыка.
Святую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў у парафіяльным касцёле біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у ёй удзельнічала шмат парафіян, больш за 50 святароў розных дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які ўдзяліў ксяндзу Раману прэзбітэрскае пасвячэнне, – гэта адбылося 2 снежня 2000 года ў гродзенскай катэдры.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі назваў 25-ю гадавіну святарства “днём, калі гісторыя чалавека сустракаецца з гісторыяй Бога”, “калі мы спыняемся, каб з глыбокай падзякай і радасцю ўбачыць, што Бог зрабіў у жыцці аднаго з нас – чалавека, які на працягу дваццаці пяці гадоў нясе Хрыста гэтай зямлі, гэтым сем’ям, гэтым сэрцам”.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што юбіляр у запрашэнні на святкаванне гэтай даты выбраў словы Езуса Хрыста з Евангелля паводле Яна: “Я – сапраўдная вінаградная лаза… без Мяне нічога не можаце зрабіць”, “Я ж назваў сябрамі вас…” Біскуп дадаў, што гэтыя словы вызначылі ўсе гады служэння ксяндза Рамана і што яны “адлюстроўваюць сутнасць святарскага паклікання”.
“Пан Езус не кажа: Я адзін са спосабаў жыцця, Я адна з магчымасцяў. Ён кажа выразна: “Я – сапраўдная вінаградная лаза”. Без лазы няма жыцця ў галінах. Без Хрыста няма плёну ў хрысціяніна. Без Хрыста няма святарства. Усе мы, хто належыць Яму, – галінкі. Святар – галінка, якая жыве сокам Божай ласкі і перадае гэты сок людзям, што прыходзяць да яго”, – патлумачыў біскуп.

На яго думку, ксёндз Раман “умее адносіцца да людзей так, як адносіцца Езус: з цеплынёй, з увагай, з адкрытым сэрцам”, “у ягонай мове і служэнні слова “сябар” гучыць не выпадкова, бо гэта стыль ягонага святарства – прымаць кожнага як таго, каго Бог дае, і быць побач у радасці і ў выпрабаваннях”, “таму выбраныя ім словы Евангелля – не проста прыгожая цытата, а дэвіз цэлага шляху”.
“У асобе ксяндза Рамана мы маем святара, які не аддаліўся, не замкнуўся, не паставіў сябе над людзьмі. Ён увайшоў у супольнасць Гнезна, як у сваю сям’ю. Мы бачым яго на досвітку перад касцёлам, у полі, дзе ён бласлаўляе працу земляробаў, у хаце, дзе сядзіць пры ложку хворага, на могілках, дзе праводзіць чалавека ў вечнасць, на катэхезе, дзе вучыць дзяцей маліцца, на дарозе, дзе спыняецца, каб выслухаць. Ксёндз Раман – святар, які ходзіць з народам. Не спераду, не ззаду, а побач, – адзначыў біскуп. – Ён дапамагае гэтай супольнасці жыць у згодзе, у супакоі, у хрысціянскай культуры штодзённасці. Ён умее будаваць супольнасць не праз шумныя лозунгі, а праз простасць, праз малітву, праз пастаянную адданасць і праз глыбокую веру. Таму праз яго служэнне парафія становіцца месцам прабачэння, месцам навяртання, месцам, дзе старэйшыя і маладыя моляцца разам, месцам, дзе дзеці вучацца любові, месцам, дзе кожны можа адчуць сябе сваім”. “У жыцці ксяндза Рамана бачна галоўнае: ён ніколі не апусціў рук. Ён заўсёды ішоў наперад, падтрыманы Божай ласкай. Слабасць – не параза. Слабасць – гэта прастора дзеяння Пана. У слабасці ксяндза найбольш ясна бачная моц Бога”, – заўважыў іерарх.
Ён падкрэсліў, што “святарства – таямнічае Божае святло, якое з кожным годам можа гарэць ярчэй, калі чалавек застаецца ў еднасці з Хрыстом”, і што “святар – не супергерой, а чалавек, які штодня становіцца пад Крыж, каб з яго чэрпаць моц”.
Біскуп нагадаў юбіляру, што “святар ніколі не ідзе адзін – побач заўсёды ідзе Панна Марыя”, і дадаў, што ксёндз Раман – “чалавек даверу, чалавек, які не раз перад фігурай ці абразом Маці Божай складаў свае цяжкасці, свае клопаты”. “Сёння мы аддаём цябе пад Яе абарону, – сказаў іерарх і выказаў святару падзяку: – Дзякуй за тваю вернасць пакліканню, за тваю малітву, за тваю дабрыню, за тваю цярплівасць, за твае парафіяльныя клопаты, за тваю праўдзівасць, за тваю чалавечнасць, за тваю адкрытасць і сяброўства, за тваю прысутнасць у жыцці кожнага парафіяніна і кожнага з нас, святароў”. Пастыр дыяцэзіі пажадаў ксяндзу Раману, каб Бог благаславіў яго далейшае жыццё і каб было “яшчэ шмат гадоў ласкі, радасці і служэння”.

Парафіянам біскуп падзякаваў за тое, што яны падтрымліваюць свайго пробашча, прычым адзначыў, што ў Гнезне “святар знаходзіць сапраўдную сям’ю: малітоўную, верную, спакойную, адкрытую на Бога”. 25 гадоў святарства іерарх назваў “знакам, што Бог не пакідае нашу дыяцэзію”. Разам з тым ён падкрэсліў: “Пакліканні нараджаюцца ў сем’ях, у парафіях, у ціхай малітве і праз прыклад святароў. Таму кожны юбілей – гэта таксама пытанне Хрыста да моладзі: “Ці гатовы ты стаць Маёй галінкай?” На нашай зямлі патрэбныя новыя святары: душпастыры, вучні, слугі, людзі малітвы і вернасці”.
Ксёндз Раман у канцы літургіі падзякаваў усім за ўдзел, за тое, што разам з ім ідуць шляхам, які вызначыў Божы Провід, і папрасіў парафіян аб далейшай малітоўнай падтрымцы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
