Skip to main content

Беларускія святары актыўна рыхтуюцца да ўдзелу ў міжнародным чэмпіянаце па міні-футболе

IMG 8783

У 2026 годзе беларускія каталіцкія святары прымуць удзел у міжнародным чэмпіянаце па міні-футболе, які пройдзе з 9 па 13 лютага ў Любліне (Польшча). На працягу ўжо некалькіх тыдняў па панядзелках каманда зборнай Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святараў праводзіць інтэнсіўныя трэніроўкі ў спарткомплексе “Лідар” у Навагрудку.

Акрамя спартыўных мэтаў, кожная такая трэніроўка садзейнічае ўсталяванню братэрства паміж удзельнікамі: святары збіраюцца разам, размаўляюць, маюць магчымасць выказваць адзін аднаму падтрымку і ствараць супольнасць, у якой можна будзе адчуваць сябе адной сям’ёй.

Па словах святароў, асаблівай радасцю для іх з’яўляецца ўдзел у гэтых трэніроўках біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, які разам з іншымі выходзіць на пляцоўку, натхняе іх і падтрымлівае сваім прыкладам дух адзінства і адданасці справе.

Міжнародны чэмпіянат святароў па міні-футболе праводзіцца не толькі з той мэтай, каб дасягнуць найлепшага выніку або заняць высокае месца ў турнірнай табліцы, але і з той, каб стварыць магчымасць для сустрэчы святароў розных краін, супольнай малітвы, знаёмства з культурай і традыцыямі краіны, якая арганiзоўвае турнір. “А для нас – гэта таксама сведчанне таго, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна прысутнічае як у духоўнай, так і ў спартыўнай прасторы”, – адзначаюць святары, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў чэмпіянаце.

Варта ўзгадаць, што Беларусь ужо была арганiзатарам міжнароднага чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў — гэта адбылося ў 2008 годзе ў Лідзе. Тады ў чэмпіянаце ўдзельнічалі 170 чалавек з 13 краін. На той момант біскуп Уладзімір Гуляй быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. “І менавіта гэтая парафія стала цэнтрам таго незабыўнага турніру. А цяпер, праз некалькі гадоў, біскуп Уладзімір зноў выйдзе на пляцоўку разам са святарамі ўсёй Беларусі, каб аб’яднаць дух, веру і спорт у прыгожым сведчанні братэрства”, – паведамляюць нам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі