Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар апостала Андрэя ў Слоніме

slonim 30

29 лістапада, напярэдадні свята апостала Андрэя, парафія ў Слоніме, якая носіць тытул гэтага святога, адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Святкаванне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Сёлета ўрачыстасць у гонар свайго галоўнага апекуна парафія адзначала з новым пробашчам – кс. Андрэем Кеўлюком. Адпустовая Імша сабрала вялікую колькасць мясцовых парафіян і гасцей.

У гаміліі біскуп Гродзенскі падкрэсліў, што апостал Андрэй – “не толькі постаць з мінулага, а жывое запрашэнне кожнаму з нас адказаць на голас Бога, як адказаў ён”.

Іерарх адзначыў, што словы літургічнага чытання гэтага дня: “Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі” датычацца як Андрэя і іншых апосталаў, так і ўсяго Касцёла і ў прыватнасці хрысціян XXI стагоддзя.

Біскуп нагадаў, што апостал Андрэй быў “першым, хто прывёў людзей да Езуса”: як бачна ў Евангеллі паводле Яна, ён прыводзіць да Хрыста свайго брата Пятра. У апакрыфічных паданнях ён “той, хто вучыць, хрысціць, абвяшчае шлях збаўлення”; ён быў “сапраўдным пілігрымам надзеі”. Біскуп звярнуў увагу на тое, што, чуючы словы Хрыста: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей”, Андрэй “не пытаецца, куды трэба ісці, не просіць гарантый, не ставіць умоў, не адкладвае”, а ідзе адразу ж. “Гэта веліч даверу, гэта сціпласць, якая прывяла да святасці, і сёння Бог кажа гэтыя самыя словы мне і табе”, – дадаў іерарх. Акрамя таго, на думку біскупа, апостал паказвае, што “Касцёл не можа быць закрытым, не можа быць толькі для сябе, – Касцёл існуе, каб несці надзею”.

slonim 40

З нагоды завяршэння Юбілейнага года, які ў Касцёле праходзіў пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, біскуп адзначыў: “Гэты год адкрываў нам простую праўду: хрысціянін – заўсёды пілігрым, заўсёды ў дарозе, заўсёды шукае Бога, заўсёды нясе надзею іншым. У гэтым мы вельмі падобныя да апостала Андрэя. Ён быў першым “пілігрымам надзеі”: прынёс надзею брату Пятру, прынёс надзею тым, каго хрысціў, прыносіць надзею і сёння праз сваё заступніцтва”.

Біскуп назваў сімвалічным, што ў гэтыя дні пачалося падарожжа Папы Льва XIV у Турцыю і Ліван. “Гэта зямля апосталаў, зямля мучанікаў, зямля суіснавання хрысціянства з іншымі рэлігіямі, зямля, якая мае патрэбу ў надзеі. Папа паказвае нам, што надзея не зачыняецца ў святыні, яна выходзіць на перыферыі, куды мала хто хоча ісці. Менавіта туды ішоў апостал Андрэй. Менавіта туды ідзе сёння Касцёл”, – заўважыў іерарх.

“Мы жывём у няпростыя часы: многія людзі знявераныя, моладзь губляе арыентацыю, сем’і перажываюць выпрабаванні, вернікі часта адчуваюць сябе адзінокімі. І тут гучыць голас Езуса, як аднойчы для Андрэя: “Ідзі за Мною”. Не бойцеся быць сведкамі: у школе і на працы, у сем’ях, у размовах з сябрамі, у адносінах да слабых, у вернасці Евангеллю”, – заахвоціў біскуп.

Па яго словах, апостал Андрэй “вучыць, што шлях у веру – не ў адзіноце, а разам”; “у нашым грамадстве, часам перапоўненым падзеламі, варожасцю, непаразуменнем, ён кажа: “Будзьце братамі. Стварайце адзінства. Вядзіце адзін аднаго да Хрыста”.

Біскуп заклікаў удзельнікаў урачыстасці прасіць Бога аб “трох вялікіх дарах”: здольнасці слухаць Божае пакліканне (“як Андрэй, які без ваганняў адказаў: “так!”), мужнасці быць “сведкамі надзеі” (“як апосталы, якія неслі Евангелле да краёў зямлі”), адзінстве і братэрстве ў гэтай парафіі і ў краіне (“каб мы былі сапраўднымі пілігрымамі надзеі”).

У канцы літургіі прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці падзякавалі біскупу за ўдзел у адпустовай урачыстасці, а свайму пробашчу ксяндзу Андрэю выказалі віншаванні з нагоды імянін.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі