Skip to main content

Перад Адвэнтам члены супольнасці “Мужчыны святога Юзафа” вырушылі ў пілігрымку па Гродзеншчыне

piligrimka olszanka 7

Пачатак Адвэнту члены супольнасці “Мужчыны святога Юзафа”, якая дзейнічае ў гродзенскай парафіі Святога Духа, сустрэлі ў пілігрымцы, у межах якой наведалі некалькі святыняў Гродзеншчыны.

Самі ўдзельнікі называюць сваю пілігрымку “экстрэмальна-малітоўнай”. Спачатку яны здзяйснялі яе на ўласным транспарце. Мужчыны са сваім душпастырам кс. Валерыем Спірыдонам пабывалі на Смаргоншчыне, дзе спыняліся на малітву ў касцёлах у Гальшанах, Крэве і Барунах. У барунскім санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных яны аддалі свае сем’і пад асаблівую апеку Панны Марыі.

Далейшым пунктам маршруту была капліца Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Дубку. Дасягнуўшы ракі Вілія на тэрыторыі парафіі ў Жодзішках, пілігрымы працягнулі шлях пяшком па лесе ўздоўж ракі. На шляху яны наведалі розныя іншыя мясціны, такія, як Марыінская кальварыя. Па словах удзельнікаў, нягледзячы на тое, што шлях па лесе быў цяжкім і скончылі яны яго толькі ў поцемках, на гэтым шляху яны адпачылі ад штодзённых заняткаў і набраліся духоўных сіл.

Дасягнуўшы капліцы ў Дубку, пілігрымы прадставілі свае інтэнцыі на ружанцовай малітве.

Затым лясной сцежкай яны накіраваліся ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Айцы кармэліты, якія служаць у санктуарыі, гасцінна сустрэлі пілігрымаў, прапанавалі ім вячэру і магчымасць начлегу.

Наступны дзень, якім была першая нядзеля Адвэнту, пілігрымы распачалі ўдзелам у святой Імшы, якая цэлебравалася ў санктуарыі. Пасля прапанаванага кармэлітамі сняданку яны вырушылі ў зваротны шлях, на якім рабілі прыпынкі ў касцёлах у Гервятах, Тракелях, Радуні і адноўленай святыні ў Забалаці.

“Умацаваныя малітвай, мужчыны з новымі сіламі вярнуліся да сваіх сем’яў, каб на ўзор святога Юзафа ісці шляхам свайго паклікання”, – паведамляюць удзельнікі пілігрымкі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі