
“Кожны дзень мы сустракаем убогіх або збяднелых людзей, а часам нам самім можа здарыцца мець менш, страціць тое, што калісьці здавалася нам стабільным: кватэру, дастатковую колькасць ежы на кожны дзень, доступ да медыцынскай дапамогі, добры ўзровень адукацыі і інфармацыі, свабоду веравызнання і свабоду слова”, – піша папа Леў ХІV у пасланні на Сусветны дзень убогіх, які сёлета адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 16 лістапада.
Добрая дапамога
Алена Міндлін больш за 10 гадоў дапамагае тым, хто па розных прычынах страціў сваё жытло і апынуўся на вуліцы. З іх тры гады яна ўзначальвае дабрачынную ўстанову “Добрая дапамога”, якая базуецца ў Мінску.
“Мы сустракаем вельмі розных людзей. Некаторыя мелі сапраўды годную працу і лічыліся цалкам паспяховымі, а нават вядомымі. Напрыклад, у гэтым годзе пахавалі мужчыну, які іграў у аркестры, гастраліраваў. Дапамагалі таксама былому опернаму спеваку, – распавядае спадарыня Алена. – Неабавязкова чалавек на вуліцы – гэта адразу той, які не хоча працаваць. У нас былі выпадкі, калі людзі праз хваробу гублялі працаздольнасць і ў выніку заставаліся без усяго. Кагосьці праз хваробу не хацелі бачыць дома блізкія… Вельмі розныя сітуацыі здараюцца”.

Св. П’ер Джорджа Фрасаці (1901–1925 гг.) паходзіў з вядомай італьянскай сям’і. Хлопец рэгулярна дапамагаў бедным і хворым асобам, наведваў убогія сем’і ў розных, часам непрэстыжных раёнах свайго горада. Памёр ад хваробы, якой заразіўся падчас аднаго з такіх візітаў. Пры жыцці казаў: “Езус наведвае мяне ў св. Камуніі кожную раніцу, а я аддзячваю Яму сціплым, даступным мне спосабам: наведваю Яго бедных”.
Выйсці з крызісу бяздомнасці самастойна вельмі складана. Неабходна не толькі ведаць, у якія ўстановы звярнуцца, але і мець дастаткова самаўпэўненасці, каб не знеахвоціць сябе непрыязным стаўленнем іншых людзей.
“Не кожны зможа хадзіць па інстанцыях, дабівацца нечага. Часам даводзіцца ж і пасварыцца недзе, – тлумачыць з усмешкай спадарыня Алена. – Некаторыя звяртаюцца, але не даводзяць справу да канца: дзесьці пачуюць, што шмат справак трэба, дзесьці «навошта вы прыйшлі» – і ў выніку чалавек махае на ўсё рукой, бо на вуліцы застацца прасцей, ніхто не чапае. Шмат залежыць і ад іншых людзей на гэтым шляху. Патрэбны суправаджаючыя”.
Спадарыня Алена і валанцёры дапамагаюць людзям без даху над галавой з афармленнем неабходных дакументаў, нават калі трэба паехаць у іншы горад, з пошукам жытла. Яны суправаджаюць хворых у паліклініцы для праходжання медкамісіі перад засяленнем у Цэнтр часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства. Часта бяздомныя маюць хваробы ног і нават прайсці медыцынскае абследаванне для іх з’яўляецца сур’ёзнай праблемай.
Адкрытыя на ўзаемадзеянне
“Добрая дапамога” працягвае падтрымліваць сваіх падапечных і пасля засялення ў часовы прытулак, пакуль тыя больш-менш не ўладкуюцца ў жыцці. Валанцёры збіраюць і прывозяць неабходную вопратку, прадуктовыя наборы, лекі.
“Усё робіцца для таго, каб чалавеку лепш стала. Калі бачыш, што хтосьці быў на вуліцы, а пасля і працу мае, і дзе жыць – адчуваеш радасць, – дзеліцца дырэктарка ўстановы. – І людзі мяняюцца. Мы пасля іх адведваем, і яны ўжо зусім іншыя. Распавядаюць, як адчуваюць сябе; бо што значыць калі чалавек на вуліцы сядзеў, а што калі цяпер як гаспадар нас прымае, на сваёй тэрыторыі”.
Спадарыня Алена гаворыць, што да іх звяртаюцца людзі з розных мясцовасцей Беларусі з пытаннем, як дапамагчы бяздомнаму чалавеку, якога яны сустрэлі. І так, у “Добрую дапамогу” можа патэлефанаваць ці напісаць кожны неабыякавы чалавек, папрасіць парады ў справе падтрымкі людзей без пэўнага месца жыхарства.
“Мы знаходзімся ў Мінску, і цяжкавата ездзіць у іншыя гарады з падапечнымі, таму заўсёды будзем рады новым валанцёрам. Можа, нехта ў сваім горадзе ўбачыць бяздомных і захоча ім дапамагаць, супрацоўнічаць разам з намі. Зможам падказваць, што і як… Людзі, якім патрэбна дапамога, ёсць усюды”, – падсумоўвае жанчына.

Бачыць у кожным асобу
Каб спыніцца і дапамагчы чалавеку, які просіць міласціну альбо сваім выглядам адсылае да няпростай жыццёвай сітуацыі, важна ў думках пастарацца не асудзіць яго, не зрабіць хуткай высновы. С. Андрэа, настаяцельніца супольнасці сясцёр Кангрэгацыі Місіянерак Любові (сясцёр Маці Тэрэзы) у Гомелі, гаворыць, што сітуацыя ў кожнага чалавека ўнікальная: і ў таго, хто дае ахвяру, і ў таго, хто просіць.
Сёстры Маці Тэрэзы апякуюцца Домам міласэрнасці, дзе дапамагаюць бяздомным, хворым, у т. л. залежным ад алкаголю, справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і ўладкавацца ў свеце. С. Андрэа зазначае: “Часта мы не маем часу альбо адразу дрэнна думаем пра чалавека на вуліцы. А гэтых людзей трэба таксама слухаць: чаго чалавек сапраўды хоча, калі просіць у нас грошы, чаго насамрэч патрабуе. Можа, тады ён адкрыецца і скажа праўду”.
Манахіня падкрэслівае, што дапамагаць варта з розумам. Калі вядома, што чалавек п’е, можна яго наўпрост спытаць, ці ён хворы, ці галодны. “Наша заснавальніца Маці Тэрэза казала, што не мае часу на размовы, планаванне, толькі бачыць чалавека галоднага і ў гэтым моманце яму адразу дапамагае”, – тлумачыць сястра.
“Мы даведаліся, што Бог схіляецца над намі (параўн. Ос 11, 4), каб і мы маглі наследаваць Яго, схіляючыся над братамі [...]. Няхай нашыя супольнасці будуць адкрытымі для асоб, якія жывуць на іх тэрыторыі, каб усіх дасягнула Божая любоў праз сведчанне веруючых”.
Папа Францішак, фрагмент апостальскага ліста Misericordia et misera
С. Андрэа таксама дапускае, што дапамагла б грашыма чалавеку, калі той просіць, але ў выпадку, калі гэта адзіная магчымасць падтрымаць яго і па нейкай прычыне немагчыма купіць пасілак, гарбату ці адвезці ў прытулак. “Нават калі ён падманвае і ў выніку купіць алкаголь, мы ў гэтым моманце – калі сапраўды няма другога варыянта – бачым яго просьбу і адказваем на яе. Ён жа перад Богам будзе адказваць за тое, што зрабіў з міласцінай, – гаворыць манахіня. – Маці Тэрэза казала, што, праяўляючы дабрыню, мы не памылімся, а калі будзем жорсткімі, то можам кагосьці раніць. І вельмі важна, каб была менавіта любоў да беднага, а не жаль”.
С. Андрэа лічыць, што варта ў кожным патрабуючым бачыць асобу, не глядзець на людзей, “як на натоўп”. “Мы ніколі не ведаем да канца інтэнцыі чалавека, яе ведае толькі Бог, – разважае манахіня. – Магчыма, у гэтым моманце ён насамрэч мае ў чымсьці патрэбу, нават калі просіць грошы, а саромеецца сказаць, як ёсць на самой справе…”.
Кацярына Паўлоўская
