
Леў І быў першым Папам Рымскім, празваным Вялікім. Ён вылучаўся багатай эрудыцыяй, валодаў дыпламатычнымі здольнасцямі, якія шырока выкарыстоўвалі Пантыфікі і кіраўнікі дзяржаў.
Літургічны ўспамін св. Льва Вялікага адзначаецца ў Касцёле 10 лістапада.
У час пантыфікату папы Льва І (440–461 гг.) узнікалі разнастайныя тэалагічныя спрэчкі. Каб абараняць чысціню веры, Святы Айцец мусіў супраціўляцца шматлікім ерасям. Яго самым важным дагматычным унёскам быў ліст да біскупа Канстанцінопаля, г. зв. “Томас да Флавіяна”, прачытаны на Саборы ў Халкідоне ў 451 годзе.
У лісце папа Леў І выклаў прававернае хрысталагічнае вучэнне, якое айцы чацвёртага Сусветнага Сабору прынялі аднагалосна. На ім было адхілена манафізіцтва са сцверджаннем, што ў адной Асобе Хрыста дзве прыроды – боская і чалавечая – існуюць не змешваючыся і непадзельна.
Папа Леў I клапаціўся таксама аб касцёльнай літургіі. З яго ўхвалы з’явіліся першыя афіцыйныя зборнікі малітваў. Таксама Святы Айцец дбаў пра тое, каб літургія была звязана са штодзённым жыццём. Ён падкрэсліваў той факт, што літургія – гэта не толькі ўспамін пра гістарычныя падзеі, але і іх сапраўднае ўвасабленне тут і цяпер.
Разам з тым, папа Леў І вядомы як красамоўны прапаведнік. Захавалася каля ста яго казанняў, напісаных на лаціне, узнёслай і яснай мовай. Таксама захавалася каля пяцідзесяці папскіх лістоў. У іх можна ўбачыць веліч асобы Папы, глыбіню яго тэалагічнага разважання, клопат душпастыра.
Лістамі папы Льва І можна натхняцца і сёння. Прапануем пазнаёміцца з пяццю асабліва каштоўнымі думкамі Льва Вялікага.
Тое, што было бачным у нашым Збаўцы, цяпер змяшчаецца ў сакрамантах.
Праз хрост ты стаў жыллём Святога Духа, не выганяй жа Яго са свайго сэрца праз нягоднае жыццё, не аддавайся зноў у няволю сатаны, бо твая цана – Кроў Хрыста.
Марнай справай было б галадаць і не пазбаўляцца ад скажонай волі! І дарэмнай працай – мучыць цела постам і не адварочвацца ад намеру грашыць.
Няма месца смутку, калі нараджаецца жыццё; знік страх перад смяротным знішчэннем, настае радасць ад абяцання бясконцага жыцця.
Пазнай сваю годнасць, хрысціянін! Ты стаў удзельнікам боскай прыроды, адкінь жа выраджэнцкія звычаі ранейшай нізкасці і ўжо не вяртайся да іх. Памятай, членам якой Галавы і якога Цела ты з’яўляешся. Памятай, што ты быў вырваны ад сіл цемры і перанесены да святла і Божага Валадарства.
Папу Льва І Вялікага цытавалі на працягу шматлікіх стагоддзяў, у т. л. на Трыдэнцкім саборы. У 1754 годзе папам Бенедыктам ХІV яму быў нададзены тытул доктара Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч
