
На галоўныя юбілейныя ўрачыстасці, якія адбываліся ў Пінску і Брэсце, прыбыў спецыяльны прадстаўнік папы Льва XIV кардынал Клаўдыа Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Іерарх перадаў вернікам ад Святога Айца гарачае прывітанне з Ватыкана і запэўніў у яго айцоўскай любові.
“Стогадовы юбілей Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца для нас нагодай, каб выказаць падзяку Пану Богу за Яго бязмежныя дары, за ўсіх асоб, якія ўзбагацілі наш Касцёл сваім досведам веры, цярпеннем, руплівасцю і трывалым сведчаннем”.
Антоній Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Стогадовы юбілей
На ўрачыстасцях 100-годдзя з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі прысутнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа, іерархі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале з яе старшынёй арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, манаскія асобы і вернікі з розных дыяцэзій, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
Кульмінацыяй стала св. Імша, якую ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ўзначаліў кардынал Клаўдыа Гуджэроці, спецыяльны пасланнік папы Льва XIV. Вітаючы прысутных, іерарх прызнаўся, што для яго вельмі кранальна быць тут, бо мае цёплыя ўспаміны з часу, калі быў Апостальскім нунцыем у Беларусі (2011–2015 гг.): “Цудоўная зямля і вельмі добры народ. Я адчуваю сябе як дома”.
У гаміліі высокі госць заўважыў, што Пінская дыяцэзія адыграла вялікую ролю ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Іерарх прыгадаў святых мучанікаў, у т. л. заступніка Пінскай дыяцэзіі св. Андрэя Баболю, рэліквіі якога былі ўрачыста ўнесены ў святыню, а таксама руплівых душпастыраў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Напрыканцы кардынал Клаўдыа Гуджэроці скіраваў слова да ўсіх беларусаў: “Будзьма разам усе мы, якія з’яўляемся паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста. Будзем жа працаваць разам, каб Касцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню”.

Найстарэйшая і самая вялікая
Пінская дыяцэзія з’яўляецца найстарэйшай з дыяцэзій Касцёла ў Беларусі. Яна была ўтворана 100 гадоў таму, 28 кастрычніка 1925 года. У той час як Віцебская дыяцэзія – наймалодшая – у мінулым годзе адзначыла 25-годдзе з часу заснавання, Гродзенская дыяцэзія і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія ў наступным годзе адсвяткуюць 35-гадовыя юбілеі.
“Наколькі мы ведаем з гістарычных крыніц, першая каталіцкая святыня лацінскага абраду была пабудавана на гэтых тэрыторыях яшчэ ў часы старажытнага Тураўскага княства. А дакладна 100 гадоў таму, у складаны міжваенны перыяд, з клопатам пра духоўнае дабро нашых продкаў папа Пій ХІ утварыў Пінскую дыяцэзію”, – узгадаў у пастырскім лісце на 100-гадовы юбілей дыяцэзіі біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка.
У 1991 годзе па рашэнні папы Яна Паўла ІІ межы Пінскай дыяцэзіі былі рэарганізаваны. Такім чынам, некаторыя парафіі ўвайшлі ў склад Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў склад Пінскай была ўключана тэрыторыя Гомельскай вобласці.
Сёння Пінская дыяцэзія займае самую вялікую тэрыторыю, ахопліваючы землі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Яе плошча складае 72 700 км².
Верны народ
Тэрытарыяльна Гродзенская дыяцэзія амаль у тры разы меншая за Пінскую дыяцэзію, але колькасць католікаў тут у сотню разоў большая. Чым гэта абумоўлена? Шчыльнасць вернікаў на агульную колькасць насельніцтва 55% супраць 1,6%. Гістарычна склалася, што найбольш католікаў у Беларусі пражывае на захадзе краіны, пераважна на Гродзеншчыне. Брэстчына здаўна лічыцца праваслаўным краем.
“Тут, на гэтай зямлі, стагоддзі таму сустрэліся дзве вялікія хрысціянскія традыцыі – Усходу і Захаду, – што стала вялікім і ўнікальным духоўным багаццем для мясцовых жыхароў, – заўважыў у віншавальным слове на 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. – Хоць у гісторыі часам здаралася, што гэта выклікала пэўныя непаразуменні і напружанасць, аднак сёння 100-гадовы юбілей Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ў юбілейным годзе хрысціянства нішто не азмрочвае, і святкаванне праходзіць у атмасферы сапраўднай згоды і братняй любові ў агульным імкненні да міру, стварэння і добраўпарадкавання нашай агульнай Радзімы, дзе ў духу ўзаемнай павагі жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў”.
У цяперашні час у Пінскай дыяцэзіі налічваецца 80 парафій у 9 дэканатах: Брэсцкім, Кобрынскім, Пружанскім, Навамышскім, Баранавіцкім, Ляхавіцкім, Пінскім, Мазырскім і Гомельскім. Тут служаць 52 святары, прадстаўнікі 12 манаскіх супольнасцей.
Паслугу пастыра Пінскай дыяцэзіі з 2012 года выконвае біскуп Антоній Дзям’янка. Перад ім у 2011–2012 гадах мясцовы Касцёл узначальваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які быў Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
У 1999–2024 гадах абавязкі дапаможнага біскупа выконваў біскуп Казімір Велікаселец OP. У мінулым годзе найстарэйшы іерарх беларускага епіскапату сышоў на пенсію, а на гэтае месца папам Францішкам быў прызначаны новаменаваны біскуп Андрэй Зноска, былы пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе. Сёння ён таксама выконвае абавязкі Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.

Святарская калыска
У 1925 годзе, дзякуючы намаганням першага ардынарыя Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, у Пінску была заснавана Вышэйшая духоўная семінарыя. Яна размясцілася ў будынку былога францішканскага кляштара, пабудаванага пры катэдральным касцёле ў ХVІІІ стагоддзі. Да 1939 года, пакуль семінарыя функцыянавала, тут было падрыхтавана больш за 90 святароў. З 200 дыяцэзіяльных душпастыраў 50 загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
Адкрыццё адноўленай духоўнай навучальнай установы ўжо як міждыяцэзіяльнай адбылося ў 2001 годзе. Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням тагачаснага Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтэка, былога выпускніка семінарыі. Іерарх аднавіў і пабудаваў у дыяцэзіі многія касцёлы і капліцы. Пры ім былі ўзноўлены старыя і паўсталі новыя парафіі. Кардынал спрыяў таксама ўтварэнню Дома міласэрнасці для пажылых асоб у Лагішыне і Рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў у Гомелі.
У 2024 годзе ў сувязі з рэарганізацыяй працэсу падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства семінарыя ў Пінску спыніла сваю дзейнасць. На дадзены момант у Беларусі функцыянуе адзіная Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя, якая знаходзіцца ў Гродне.
Рэлігійнае жыццё
У Касцёле на беларускім Палессі вельмі распаўсюджаны культ Маці Божай. Два разы ў год – у маі (з Пінска) і ў жніўні (з Баранавічаў і Бярозы) – у санктуарый у Лагішыне ідуць пешыя пілігрымкі. У выхадныя перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца ў Касцёле 15 жніўня, праходзіць фэст у гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, якая з’яўляецца апякункай Пінскай дыяцэзіі.
У ліку найбольш шанаваных абразоў у Пінскай дыяцэзіі – выявы Маці Божай Гомельскай, Маці Божай Берасцейскай, Маці Божай Ласкавай (Косаўскай), Маці Божай Навамышскай (Бялыніцкай), Маці Божай Юравіцкай (Мазырскай) і “Пінская Мадонна”, якая знаходзіцца ў катэдральным касцёле.
Месцамі шматлікіх пілігрымак з’яўляюцца таксама дыяцэзіяльныя санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Іванаве і Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Па традыцыі ўжо шмат гадоў пілігрымаў з Новай Мышы вітае Гродзенская дыяцэзія. Штогод напярэдадні трагічнай гадавіны вернікі арганізуюць паломніцтва да месца расстрэлу 11 сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудка.
У мясцовым Касцёле развіваюцца розныя рэлігійныя рухі, душпастырства моладзі, сем’яў, міністрантаў, асоб з абмежаванымі магчымасцямі, вязняў. У 2009 годзе ў Баранавічах была адкрыта першая ў Беларусі тэалагічная навучальная ўстанова для свецкіх асоб – Катэхетычны каледж ім. Зыгмунта Лазінскага. Яшчэ дзве функцыянуюць сёння ў Гродне і Мінску.
Як адзначае біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, святкаванне юбілею – гэта “час асэнсавання, наколькі вялікай была для нас ласка Пана Бога і якія незлічоныя дары мы і нашы продкі ад Яго атрымалі”. Пажадаем нашым братам і сёстрам, каб усё тое, што было шчодра пасеена на Божай ніве папярэднімі пакаленнямі, узрастала і прыносіла багаты духоўны плён!
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы Catholic.by i Pinskdiocese.by.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
