Skip to main content
Логотип

Беняконскі каўчэг

Unknown

Амаль у кожнага чалавека ёсць сваё хобі – і святары не выключэнне. Адны ходзяць на рыбалку, другія калясяць па Беларусі на матацыкле… Кс. канонік Станіслаў Лабан з Беняконяў займаецца сельскай гаспадаркай, гадуе разнастайных жывёл.

Святар-гаспадар

“Паходжу я з вёскі. Мае бацькі мелі вялікую гаспадарку, працавалі ў калгасах – трэба было ім дапамагаць. Напэўна, адтуль і пайшла любоў да жывёл, – распавядае кс. Станіслаў. – Трымаў я і птушак малых, і акварыумы розныя былі”.

У Беняконі святар прыехаў адразу пасля заканчэння духоўнай семінарыі, амаль 25 гадоў таму. Распачаў служэнне ў мясцовым велічным касцёле імя св. Яна Хрысціцеля, збудаваным у пачатку ХХ стагоддзя, які заўсёды прыцягваў турыстаў. Вялікай была і тэрыторыя, якая належала парафіі. Таму, нядоўга думаючы, ксёндз вырашыў яе неяк загаспадараваць.

“Парафіяне дапамаглі збудаваць вальеры, хлявы – былі свінкі, авечкі, козачкі. Вырылі возера – завялі гусей, качак, лебедзяў, запусцілі рыбу, – гаворыць кс. Станіслаў. – У тыя часы на тэрыторыі паўстаў вялікі заапарк: 8-10 відаў фазанаў, 5 відаў паўлінаў, страусы, перапёлкі. Каб назбіраць гэткую разнастайнасць, аб’ездзіў усю Беларусь, шукаў за мяжой. Меў такіх дэкаратыўных птушак, якіх раней у нашай краіне ніколі не было”.

Святар узгадвае, што “на тыдзень фазанам даваў 2-3 мяхі зярна, страусам – кожны дзень па вядры аўса”. “Вельмі шмат людзей прыязджалі паглядзець на заапарк. Мясцовыя дзеці заўсёды тут бавілі час”, – дзеліцца ўспамінамі кс. Станіслаў.

“Свойскае” падвор’е

Гады бяруць сваё: няпроста трымаць столькі галоў жывёлы. “У адзін дзень я вырашыў ліквідаваць усё. Выставіў аб’явы з таннымі коштамі і распрадаў гаспадарку за тры дні. Людзі прыязджалі з Магілёва, Брэста, Віцебска”, – распавядае святар.

Сёння кс. Станіслаў разводзіць толькі свойскіх птушак: кур-нясушак, бройлераў, перапёлак, індыкоў. “У мяне трыста розных асобін, – дадае святар. – Гэта нармальная практыка – прыйсці да беняконскага ксяндза па яйкі ці мяса. Зараз вось рыхтую на ўбой бройлерных індыкоў”.

Як прызнаецца кс. Станіслаў, ён ужывае толькі натуральныя прадукты. Мае вялікі агарод. У магазіне амаль нічога не купляе. Рыбу ловіць ці набывае толькі рачную.
Святар трымае таксама сабак, трусоў, пчол. Турысты, якія прыязджаюць паглядзець мясцовы касцёл, заўсёды ахвочыя скаштаваць мядку ў ксяндза. “Экскурсаводы, калі дамаўляюцца правесці тур па святыні, загадзя цікавяцца пра магчымасць набыць свежы мёд”, – дзеліцца кс. Станіслаў.

Парафія – найважнейшае

Святар штодня ўстае а 6-й гадзіне раніцы, каб пакарміць жывёлу. Вяртаецца адпачываць толькі пасля 9-й вечара. Як зазначае, хутка набліжаецца зіма – “можа быць халодны хлеў, але не можа быць голаду: свойскай жывёле неабходна забяспечыць добрую кармёжку”. “Вось узяць пчол. Іх ніхто не ўцяпляе, але ім трэба больш корму даць з восені”, – тлумачыць кс. Станіслаў.

Святар падкрэслівае, што на першым месцы ў яго заўжды парафія. “У касцёле св. Імшы кожны дзень, людзі прыходзяць на малітву. Я падтрымліваю вернікаў, наведваю хворых”, – гаворыць кс. Станіслаў.

Парафіяне ідуць насустрач пробашчу. Калі яму трэба з’ехаць на некалькі дзён, дапамагаюць па гаспадарцы. “Яны ведаюць, дзе ўсё стаіць”, – зазначае святар.

Кс. Станіслаў доўгі час служыць у парафіі адзін, без вікарыяў. “Раней на дапамогу заўсёды браў дыяканаў. Нават цяперашні рэктар гродзенскай семінарыі кс. Ян Раманоўскі год у нас служыў. Усе яны таксама дапамагалі па гаспадарцы, калі я прасіў”, – дзеліцца святар.

За апошнія гады мясцовая парафія памалела: з колішніх трох тысяч вернікаў засталося каля тысячы. Сёння людзі з’язджаюць з вёсак, мала хто займаецца сельскай гаспадаркай... Аднак кс. Станіслаў трымаецца бадзёра, хоць грандыёзных планаў не будуе. Святар зазначае, што яму, “дзякуй Богу, усяго хапае”.

Павел Якуць