
Ікона – цуд, ікона – яднанне. Менавіта так можна назваць абраз Маці Божай Жыровіцкай, перад якой сотні гадоў маліліся праваслаўныя, грэка- і рыма-католікі. Ён з’яўляецца не толькі сваеасаблівай візітоўкай вернікаў Беларусі, але агульнай яднаючай спадчынай хрысціянскіх канфесій краіны.
Цуднае з’яўленне
З’яўленне іконы адсылае нас у далёкае XV стагоддзе. Паводле царкоўнага падання, гэта адбылося каля 1470 года. Пасвіўшы свойскую жывёлу, пастушкі заўважылі ў галінах грушы-дзічкі цуднае свячэнне. Высветлілася, што гэта ззяе ікона Маці Божай з Немаўляткам Езусам на руках.
Мястэчка Жыровіцы на Слонімшчыне, дзе гэта адбылося, належала шляхцічу Аляксандру Солтану. Менавіта яму пастушкі і аднеслі знаходку. Ікона была ў выглядзе каменнай пласціны невялікіх памераў: 5×4 см (да сяго часу яна з’яўляецца самай маленькай яўленай выявай Багародзіцы). Шляхціч не звярнуў асаблівай увагі на апавяданне пастушкоў, але знаходку ўзяў і паклаў у куфэрак.
На наступны дзень аказалася, што ікона знікла. Неўзабаве яна яшчэ раз з’явілася на полі пастушкам, якія зноў аднеслі яе Солтану. І тады шляхціч загадаў пабудаваць на месцы цуднага з’яўлення драўляную царкву.
Прыкладна ў 1520 годзе царква згарэла, і ікона лічылася згубленай. Але неўзабаве яе знайші дзеці. Гэтая з’ява таксама суправаджалася цудным свячэннем. На гэты раз ікону трымала ў руках прыгожая Дзева, якая сядзела на камені побач з папялішчам святыні.
Прыблізна ў той жа перыяд у Жыровіцах узнікае і манаскае жыццё. Першы дакументальны ўспамін аб існаванні там праваслаўнага манастыра адносіцца да 1578 года.
Міласэрная Заступніца
Праз некаторы час уладальнік мястэчка змяніўся, манастыр прыйшоў у заняпад. У 1609 годзе да гэтых мясцін па загадзе ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага прыязджае манах Язафат Кунцэвіч (у будучым каталіцкі святы пакутнік, арцыбіскуп полацкі). Па інітыятыве Язафата пачынаецца другое жыццё манастыра.
Менавіта ў гэтыя часы адбывалася і яго актыўнае будаўніцтва.
Пасля 1617 года манастыр перайшоў да ўтворанага ўніяцкага (грэка-каталіцкага) ордэна базыльян. Мястэчка Жыровіцы стала адным з цэнтраў духоўнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Разам з тым, манахі шмат клапаціліся аб праслаўленні і распаўсюджванні культу іконы Маці Божай Жыровіцкай, якая слыла як цудадзейная.
Першае вядомае апавяданне цуднага з’яўлення гэтай іконы апісана каля 1621 года іераманахам ордэна св. Базыля Феадосіем Баравіком. У 1622 годзе яго твор быў перакладзены на польскую мову і выдадзены ў Вільні, адпаведна рашэнню Лаўрышаўскай кангрэгацыі: “Кніжка аб цудах Жыровіцкіх хай пабачыць свет”.
Пазней дакументальнай фіксацыяй цудаў, якія адбыліся перад абразом Маці Божай Жыровіцкай, займаўся а. Язафат Дубянецкі. Яго кніга пабачыла свет у 1654 годзе.
Спісы жыровіцкай іконы
З часам былі зроблены спісы іконы Жыровіцкай Маці Божай для базыльянскіх манастыроў. Але найбольш вядомымі з іх сталі дзве цудатворныя іконы, якія зараз асаблівым чынам ушаноўваюцца ў Каталіцкім Касцёле.
У 1718 годзе падчас рамонтных работ у грэка-каталіцкай царкве Сяргея і Вакха ў Рыме пад слоем тынкоўкі была знойдзена фрэска Маці Божай Жыровіцкай. На погляд навукоўцаў, яе напісаў у XVII стагоддзі невядомы манах-базыльянін. Вельмі хутка ікона набыла вядомасць, дзякуючы цудам збаўлення ад хвароб, якія адбываліся пасля малітваў перад ёю.
Слава аб іконе распаўсюдзілася нават па адлеглым закуткам Італіі, дзе яе пачалі называць Madonna del Pascolo (“Маці Божая з пожні”). З гэтай нагоды па загадзе папы Клімента XI фрэску выразалі з муроў і перанеслі непасрэдна ў царкву, дзе яна знаходзіцца дагэтуль.
Яшчэ адзін спіс іконы (мастацкая версія фрэскі з царквы Сяргея і Вакха) быў створаны ў Рыме і дасланы ў Жыровіцы, дзе ён знаходзіўся да 1915 года.
Каранацыя
З распаўсюджваннем культу іконы Маці Божай Жыровіцкай узнікла традыцыя паломніцтва да цудатворнага абраза. У манастыр прыязджаў і прыходзіў не толькі просты люд, але і дзяржаўныя дзеячы Рэчы Паспалітай напярэдадні важных спраў.
У 1726 годзе пастановай папскага капітула, які даследаваў больш за 200 цудаў жыровіцкай іконы, было зацверджана рашэнне аб яе каранацыі. Падзея адбылася ў верасні 1730 года, на ўрачыстасці прысутнічала каля 38 тысяч вернікаў. Ікона Маці Божай Жыровіцкай стала першай цудатворнай іконай у гісторыі Беларусі, ушанаванай такім чынам.
У часы Першай Сусветнай вайны каранаваны жывапісны абраз разам з іншымі каштоўнасцямі быў вывезены ў Маскву. Ікона вярнулася ў Жыровіцы ў 20-х гадах XX стагоддзя, страціўшы свае святыя аздобы. Лічыцца, што пасля доўгай і складанай гісторыі яна сёння знаходзіцца ў касцёле св. Андрэя Апостала ў Слоніме.
Арыгінал жа іконы Жыровіцкай Маці Божай пасля 1839 года захоўваюць праваслаўныя манахі. Яго можна свабодна ўбачыць у іканастасе Успенскага сабора Жыровіцкага праваслаўнага мужчынскага манастыра. Ікона лічыцца адной з самых шануемых у Праваслаўнай Царкве.
Віктар Малежык
