
Традыцыяй нашай парафіі стала наведванне святых месцаў у Беларусі. Першую такую пілігрымку арганізаваў былы пробашч дзятлаўскай парафіі кс. Здзіслаў Пікула. Тады мы наведалі восем касцёлаў: Будслаў, Мосар, Міхалішкі, Гервяты, Варону, Варняны, Астравец, Гудагай. Сёлета нашым пробашчам кс. Андрэем Лішко была арганізавана пілігрымка на Піншчыну. Група з парафіі ў складзе 60 чалавек наведала чатыры касцёлы, Жыровіцкі манастыр і палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх у Косаве.
Наша паломніцкае падарожжа пачалося з наведвання касцёла св. Андрэя Апостала ў Слоніме. Пасля нас гасцінна сустрэлі ў Жыровіцкім манастыры. Цікавай для кожнага стала экскурсія па тэрыторыі, у часе якой мы даведаліся шмат цікавых звестак пра гісторыю манастыра. Памаліліся каля магілы Мітрапаліта Філарэта, аддаючы пашану гэтаму знакамітаму іерарху Праваслаўнай Царквы, і, канешне, пабывалі ў храмах.
Незабыўныя хвіліны, калі стаялі ў чарзе да цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай. Кожнаму было што сказаць Найсвяцейшай Багародзіцы, за што падзякаваць, у чым павініцца і чаго папрасіць у любай Матулі, нашай Заступніцы. Памаліўшыся і паставіўшы свечкі з памяццю аб сваіх родных і блізкіх, у задуменні вярталіся ў аўтобусы. Яшчэ некаторы час маўчалі, быццам стараліся асэнсаваць усё пачутае, сказанае, перажытае…
Моцна ўразіў канцэрт арганнай музыкі ў ружанскім касцёле, куды мы адправіліся пасля Жыровіцаў. Цэлая гадзіна асалоды для вушэй! Удзячныя Богу за магчымасць пачуць ужывую творы вядомых кампазітараў.
Многія з нас упершыню былі ў Пінску. Прыемна захапіў сам горад. Увечары на пешаходнай вуліцы шматлюдна, шмат моладзі, смех, спевы пад гітару. Асабліва зачараваў сваёй прыгажосцю катэдральны касцёл. Нам пашчасціла двойчы яго наведаць: падчас ранішняй і вячэрняй св. Імшы. Пробашч правёў змястоўную экскурсію па святыні, і можна было добра разглядзець яе ўнутранае ўбранне.
Пасля начлегу ў будынку былой духоўнай семінарыі мы працягнулі шлях у Іванава. Наведванне мясцовага касцёла запамятаецца аповедам пра жыццё і смерць св. Андрэя Баболі. Вось гэта прыклад сапраўднай любові да Бога, якую нельга зламаць ніякімі катаваннямі! Сапраўдны прыклад адданасці і вернасці Хрысту, прыклад мужнасці і цвёрдай волі. Думаем, не адзін з нас пераглядзеў свае адносіны з Богам і задумаўся: “Ці змог бы я так, як Андрэй Баболя, вытрымаць у падобных абставінах, ці здрадзіў бы?”. Тэма для разважанняў кожнага верніка…
Апошні прыпынак нашага падарожжа – Косаўскі замак. Тут таксама было што паглядзець і чым падзівіцца.
Напэўна, ніхто з нас не пашкадаваў, што вырушыў у падарожжа. Мелі магчымасць цудоўна адпачыць і ўзбагаціцца духоўна. Усё, што ўбачылі і пачулі, застанецца ў нашых сэрцах надоўга, пра што яшчэ не раз будзем распавядаць сваім дзецям, унукам, блізкім, знаёмым…
Дзякуем Вам, дарагі наш пробашч кс. Андрэй, за такую плённую пілігрымку! Дзякуем таксама ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі нашай вандроўкі, хто дапамагаў уладкавацца на начлег, гатаваў пасілак… Шчыра ўдзячныя вам за гасціннасць і добрыя сэрцы!
Парафіяне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве
