Skip to main content
Логотип

Афармленне вынікаў генеалагічных даследаванняў

kak sostavit semeynoe drevo 26

Візуалізацыя генеалагічнай інфармацыі дапамагае хутка зразумець структурныя сувязі паміж пакаленнямі, а таксама спрашчае ўспрыманне вынікаў даследавання для шырокай аўдыторыі. Яркае і эфектыўнае адлюстраванне пераводзіць масіў фактаў у наглядныя схемы, якія можна аналізаваць і пашыраць.

Перавагі анлайн афармлення радаводу – гнуткасць, однаўляемасць і даступнасць; афлайн фарматы – гэта трываласць захоўвання, фізічнае ўздзеянне, уражанне ад экспазіцыі і персанальная блізкасць да ўспамінаў.

Якія вылучаюць тыпы візуалізацыі генеалагічнай інфармацыі?

Дрэвападобныя радаводныя схемы (генеалагічныя дрэвы) – класічны спосаб адлюстравання радаводу, які паказвае пакаленне за пакаленнем. Часта выкарыстоўваецца гарызантальная або вертыкальная кампаноўка, з рознымі відамі сувязяў паміж людзьмі, радзей – кругавыя дыяграмы, дзе задзейнічана толькі асноўная лінія. У апошні час стала модным адлюстроўваць генеалагічныя схемы на “жывым” фоне, адрозным ад дрэў: распраўленым крыле птушкі, у каласах пшаніцы або разрэзе хлеба (радыяльнае адлюстраванне) і г. д. Размясціць такое дрэва можна як у рамцы на сцяне, так і ў выглядзе малюнка на шпалерах, прынта на вопратцы або мемарыяльных кампазіцый.

Кнігі аб гісторыі сям’і – гэта не проста збор фактаў, дат і імён, а спроба захаваць памяць продкаў, сістэматызаваць назапашаныя веды і атрыманыя новыя звесткі, перадаць сямейныя легенды і культурныя традыцыі ці асаблівасці нашчадкам. Кнігі могуць быць рознымі па жанры і стылі (будуюцца вакол успамінаў, публіцыстычныя – ад трэцяй або першай асобы, навуковыя, у выглядзе дзённіка пошукаў, набліжаныя да мастацкіх і інш.), па форме зместу (прысвечаная адной гістарычнай падзеі, адной або некалькім фамільным лініям, з гістарычнымі ўстаўкамі з уключэннем даных па тапаніміцы і анамастыцы і г. д.).

Генеалагічныя сайты дазваляюць абнаўляць даныя, працаваць з мультымедыя і картамі, забяспечваюць пошук па базах, але патрабуюць пастаяннага анлайн абслугоўвання і праверкі крыніц.

Храналагічныя шкалы паказваюць пакаленні і падзеі ў часе, дазваляюць бачыць часовыя інтэрвалы паміж нараджэннем, шлюбам, пераездамі і іншымі значнымі момантамі.

Сеткавыя графы або спрошчанае схематычнае прадстаўленне: падыходзіць як рабочы варыянт візуалізацыі радаводу, пры якім лягчэй адлюстроўваць складаныя і заблытаныя ўзаемасувязі, такія як шлюбы паміж дзвюма сем’ямі, сямейныя крос-вузлы (пры рэдукцыі), усынаўленні, познія паўторныя шлюбы.

Цеплавыя карты і коды па падзеях дазваляюць бачыць размеркаванне пэўных характарыстык (узрост пры шлюбе, працягласць жыцця, геаграфічныя міграцыі) па групе людзей.

Геаграфічныя карты: візуалізацыя міграцыйных маршрутаў і тэрытарыяльнага размеркавання продкаў па рэгіёнах і краінах. У спалучэнні з архіўнай інфармацыяй і фатаграфіямі дазваляюць пад іншым вуглом зірнуць на гісторыю сям’і.

Візуалізацыя аўтэнтычных даных: напрыклад, інфаграфіка, якая спалучае дрэвы, карты і часовыя шкалы, каб перадаць кантэкст даследавання.

Гістарычныя пано з медалямі, куткі памяці, хатнія музеі і іншыя фарматы прадстаўлення дапамагаюць замацаваць гістарычную памяць, спалучаючы ў ёй візуальныя і кантэкстуальныя элементы (сямейныя гербы, сімволіка, выявы дакументаў і адзнакі аб значных датах).

Відэа фарматы, памятныя знакі на месцах пражывання продкаў і іншыя медыя фарматы дазваляюць распавесці гісторыю сям’і дынамічна і эмацыянальна, усталяваць сувязь з гісторыяй і канкрэтнай лакацыяй.

Ва ўмовах лічбавай эпохі ўзрастае роля інтэграцыі архіўных дакументаў, візуальных матэрыялаў і сучасных форм экспазіцыі. Новыя трэнды ўключаюць выкарыстанне дапоўненай рэальнасці для “ажыўлення” сямейных дрэў (AR-тэхналогіі), мікрагівы і гукавыя дарожкі, сучасныя друкарскія рашэнні і інш.

Візуальнае прадстаўленне генеалагічнай інфармацыі з’яўляецца моцным інструментам для сістэматызацыі ведаў аб сямейнай гісторыі, выяўлення заканамернасцей і эфектыўнай дэманстрацыі вынікаў. Выбар тыпу візуалізацыі залежыць ад мэт даследавання, аб’ёму даных і аўдыторыі. Пры правільным падыходзе да дызайну візуалізацыі можна ператварыць складаныя наборы фактаў у зразумелыя і інфарматыўныя гісторыі пра продкаў і іх жыццёвы шлях.

Аляксей Білецкі