Skip to main content
Логотип

9 лістапада – каментарый да Евангелля на ХХХІІ Звычайную нядзелю (Лк 20, 27–38)

6 1 1 3

Рух да неба

Езус размаўляе з садукеямі, якія адхілялі праўду аб уваскрасенні і не згаджаліся з фарысеямі і звычайнымі людзьмі, лічыўшымі яго працягам зямнога жыцця. Хрыстос хоча скіраваць іх мысленне і позірк на невядомую рэчаіснасць. Ён паказвае, што інтэрпрэтацыя садукеяў памылковая, і прыгадвае ім фрагмент Торы: “А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба” (Лк 20, 37).

Бог з’яўляецца Богам жыцця, Богам жывым. Гэта Бог гаворыць, што існуе жыццё пасля смерці. І гэта першая праўда, якая вынікае з адказу Езуса. Другая праўда ў тым, што не ўсе будуць прызнаны годнымі ўдзельнічаць у будучым свеце. І трэцяя праўда, якую перадае Збаўца, – Бог хоча, каб мы паверылі Яму.

Пан Езус сам казаў, што паклапоціцца пра наша жыццё ў вечнасці: “У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас” (Ян 14, 2). Мы павінны давяраць, а не даследаваць ці інтэрпрэтаваць праўды веры па-свойму. Дастаткова бачыць, што жыццё вечнае не з’яўляецца звычайным працягам жыцця на зямлі.

Смерць мусіць быць. Са смерцю пачынаецца новае жыццё. Тут, на зямлі, мы можам часам адчуваць тое, што нечым нагадвае неба, але яно ўсё роўна заспее нас знянацку. Тут маем вельмі добрыя ўмовы для навукі жыцця ў небе, і таму павінны разглядаць сваё часовае існаванне як падрыхтоўку да сапраўднага, вечнага жыцця. Незалежна ад таго, здараецца ў нас штосьці цудоўнае або нейкія вялікія пакуты, належыць успрымаць гэта як элемент падрыхтоўкі да новага жыцця ў небе.

Упэўнімся ж у вялікай любові Бога да чалавека, каб, калі скончыцца наш зямны шлях, маглі “рушыць” у неба і быць роўнымі анёлам (параўн. Лк 20, 36).

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду