Skip to main content
Логотип

16 лістапада – каментарый да першага чытання на ХХХІІІ Звычайную нядзелю (Мал 3, 19–20а)

6 1 1 3

Дзеянне і чаканне

Каб распавесці пра прыйсце Госпада, прарок Малахія выкарыстоўвае, так бы мовіць, сельскагаспадарчую метафару, зразумелую жыхарам Блізкага Усходу. Сонца, з якім старазапаветны аўтар параўноўвае Бога, можа быць бязлітасным і спальваць расліннасць, а можа быць лагодным і прыносіць жыццё. Прарок гаворыць: “Вось прыйдзе дзень, палаючы быццам печ. Тады ўсе ганарлівыя і бязбожныя стануць як салома, і спаліць іх надыходзячы дзень […]. А для вас, хто баіцца імені Майго, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў Ягоных промнях” (Мал 3, 19–20а).

Здаецца, што для сённяшніх хрысціян надыход гэтага дня не з’яўляецца галоўным матывам дзеянняў. Думаем пра тое, каб зрабіць лепшымі сябе і навакольны свет, а думку пра тое, што калісьці ўсё гэта праміне, адсоўваем далей. Аднак трэба вяртацца да навучання Божага слова ды Традыцыі, якія канцэнтруюцца на чаканні прыйсця Госпада. Варта нястомна чуваць, сачыць за сваімі ўчынкамі, бо на Апошнім судзе яны атрымаюць належную ацэнку.

Наша чаканне Апошняга суда – гэта не толькі “сядзенне і ўздыханне”, яно павінна быць дзейным. Св. Макар Вялікі ў ранішняй малітве, якою моліцца Усходняя Царква, просіць у Бога дапамогі ў тых справах, якія збіраецца рабіць, і абароны ад спакус: “Да Цябе, Уладару Чалавекалюбча, устаўшы ад сну прыходжу і з ласкі Тваёй збіраюся рабіць справы Твае. Малюся Табе: дапамагай мне ў кожны час і ў кожнай рэчы, захавай мяне ад усялякае злое рэчы гэтага свету і д’ябальскага дзеяння, збаў мяне і ўвядзі ў валадарства Тваё вечнае”.

Каб жыць у чаканні прыйсця Госпада, часта не трэба змяняць свае дзеянні, але трэба змяніць матывацыю. Духоўная барацьба ды добрыя ўчынкі – гэта тое, што і павінны рабіць; але яны – толькі сродак, а мэта – сустрэча з Госпадам.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду