
Парафія св. Арханёла Міхала ў Навагрудку выпусціла дызайнерскі каталіцкі каляндар, прысвечаны свайму касцёлу, які ў мінулым годзе адзначыў юбілей 400-годдзя.
Каляндар распрацоўвала гродзенскі фатограф і дызайнер Ірына Варкулевіч. На яго старонках можна знайсці выявы самых значных духоўных і культурных святыняў – абразоў, рэліквій, сакральнага інтэр’еру і прадметаў сакральнага культу.
Галоўная мэта календара – адарваць верніка ад штодзённай мітусні і акунуць у багаты і разнастайны свет літургічнага года з усімі яго святамі і ўспамінамі святых.
“Большасць людзей жыве ад дэдлайна да дэдлайна, ад свята да свята, – адзначаюць у парафіі. – Аднак ёсць іншы рытм – сакральны, рытм літургічнага года: Адвэнт, Божае Нараджэнне, Вялікі пост, Вялікдзень, Звычайны перыяд. Каталіцкі каляндар – мост паміж гэтымі дзвюма рэальнасцямі, які дапамагае перажываць сустрэчы з Богам з перспектывы штодзённых абавязкаў, нанова іх пераасэнсоўваючы”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
