Skip to main content

У Гродне прайшла сустрэча старшыняў камісій дыяцэзіяльнага Сіноду

sinod 2

9 снежня ў біскупскай курыі ў Гродне адбылася сустрэча старшыняў камісій Сіноду, які праходзіць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На ёй быў зачытаны дэкрэт біскупа аб устанаўленні абноўленага складу сінадальных камісій і прызначаны некалькі новых старшыняў камісій. Генеральны сакратар Сіноду кс. канонік Антоні Грэмза азнаёміў прысутных з ходам яго прац і нагадаў яго мэты.

Сінод Гродзенскай дыяцэзіі быў скліканы біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам 16 лістапада 2017 г., праходзіць у першы раз, яго дэвіз – “Жыць Евангеллем”. Яго галоўная задача – апісаць і вызначыць аблічча мясцовага Касцёла для ўзрастання ў веры і любові ў супольнасці, адна з задач – паказаць, што Касцёл з’яўляецца жывым арганізмам.

У складзе Сіноду дзейнічаюць шаснаццаць камісій і дзве падкамісіі, якія займаюцца распрацоўкай сінадальных статутаў. Усе выпрацаваныя на Сінодзе статуты і нормы будуць дапасаваны да нормаў касцёльнага права і сучаснага вучэння Касцёла.

Дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца пастаральным кансультатыўным сходам, які ўтвараюць святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Касцёла на Гродзеншчыне. Ён дае магчымасць паглядзець на Касцёл вачыма не толькі духавенства, але і свецкіх вернікаў.

Плануецца, што Сінод завершыцца 16 лістапада 2026 г., ва ўрачыстасць галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне – Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай.

Наступная сустрэча старшыняў камісій Сіноду адбудзецца 9 студзеня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі