
8 снежня адзначыла адпустовую ўрачыстасць лідская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Беззаганнае Зачацце Маці Божай успаміналася ў гэты дзень у літургічным календары.
Святкаванне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На Імшы з удзелам духавенства і шматлікіх парафіян дзякавалі Богу за дары і ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай. Пробашч кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, вітаючы прысутных, адзначыў, што Панна Марыя з’яўляецца асаблівай Апякункай гэтай парафіі і што вернікі вельмі часта моляцца ў парафіяльнай святыні перад фігурай Беззаганнай.
Біскуп Гродзенскі адзначыў у гаміліі, што Панна Марыя – “найбольш чыстае люстэрка Божай ласкі”, што Яна “першай адкрыла чалавечаму роду шлях да новага жыцця”, “паказала, што значыць ісці дарогай веры, захоўваць у сэрцы святло, давяраць Богу нават тады, калі будучыня не да канца зразумелая”.
Разважаючы над фрагментам Кнігі Быцця, біскуп звярнуў увагу, што Бог пытаецца ў чалавека: “Дзе ты?” голасам “не суддзі, а Айца, які шукае сваё дзіця, голасам таго, хто ніколі не стамляецца вяртаць чалавека да святла”. “Бог не прыносіць збаўленне праз прымус, Ён прыходзіць праз любоў, праз пошук, праз слова, якое называе чалавека па імені і аднаўляе яго годнасць”, – дадаў іерарх.
Паколькі ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця святкуецца ва ўспамін аб тым, што Панна Марыя была пазбаўлена ўсялякіх заганаў пры зачацці ва ўлонні Яе маці, біскуп падкрэсліў, што гэтае пазбаўленне – “не проста прывілея, а Божая вера ў чалавека, у яго здольнасць да святасці, да перамогі над злом”. “Марыя – тая Жанчына, у якой Бог рыхтуе новы пачатак чалавецтва, – сказаў ён. – У Ёй мы бачым, якой была задумана чалавечая душа перад падзеннем. Яна – адлюстраванне таго, што Бог хоча зрабіць у кожным з нас”.
Каментуючы іншыя літургічныя чытанні, біскуп засяродзіў увагу на тым, што яшчэ да стварэння свету “Бог ведаў Марыю, ведаў кожнага з нас, планаваў нас для святасці”. “І калі мы глядзім на Марыю, то разумеем: Божыя мары больш светлыя, чым наш страх, і больш моцныя, чым нашы памылкі”, – адзначыў ён.

“Марыя Беззаганна Зачатая – жывое сведчанне таго, што Божая ласка больш моцная за ўсялякі грэх, што Божая любоў здольная стварыць у чалавечым сэрцы прастору святасці, што чалавек не раб цемры, а пакліканы да святла. У Ёй відаць, якімі Бог хоча бачыць нас усіх: не зломленымі, не загубленымі, не спалоханымі, а адноўленымі, чыстымі, свабоднымі і адкрытымі на Яго волю”, – заўважыў біскуп.
На яго думку, “у сучасным свеце, дзе страхі часта паралізуюць, дзе будучыня здаецца няпэўнай, дзе шмат хто губляе надзею, бо бачыць толькі цемру, можна шмат чаму навучыцца ў Марыі: Яна вучыць глядзець на свет вачыма веры, надзеі, вачыма таго, хто ведае, што Бог – верны; Яна з’яўляецца першым Пілігрымам надзеі, крочачы праз жыццё не ўласнай сілай, а сілай Божай волі”.
У перыяд Адвэнту, па словах біскупа, можна на прыкладзе Маці Божай “вучыцца цішыні і чаканню”, “вучыцца трымаць у сэрцы Божае слова”, “вучыцца, што сапраўднае чаканне – не нервовасць, не спешка, не неспакой, а любоў, якая ўмее спыніцца, паслухаць, сказаць Богу: “Я гатовы. Я тут. Рабі ў маім жыцці тое, што хочаш”.
Завяршэнне Юбілейнага года, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, біскуп назваў добрай нагодай спытацца ў сябе: “Ці сапраўды я ў гэтым годзе быў адкрыты на Бога? Ці дазваляў Яму весці сябе па сцежках веры?” “Пілігрым – гэта не той, хто бяжыць, і не той, хто стаіць; гэта той, хто ідзе, але ідзе з Богам, – патлумачыў іерарх. – І Марыя была пілігрымам. Яна ішла ў Бэтлеем, калі было цяжка. Яна ішла ў Егіпет, калі было небяспечна. Яна ішла на Кальварыю, калі сэрца рвалася ад болю. І Яна ішла ў раніцу Уваскрасення, калі ў свеце пачыналася новая надзея”.
“Сёння мы прыходзім да Яе як дзеці, хочам даверыць Ёй свае жыццёвыя пілігрымкі, хочам сказаць: “Навучы і нас так ісці. Навучы нас любіць, верыць, спакойна дыхаць, надзяляць дабрынёй. Навучы нас быць людзьмі святла. Навучы нас сустракаць Хрыста з адкрытым сэрцам”, – дадаў біскуп.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
