Skip to main content

У Гудагаі прайшлі рэкалекцыі для свецкіх кармэлітаў, на якіх разважалі пра Святога Духа

karmil 4

З 5 па 7 снежня пры дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) прайшлі рэкалекцыі для членаў свецкага Ордэну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Правёў рэкалекцыі а. Казімір Мараўскі ОСD.

Як паведамляе karmel.by, на духоўных практыкаваннях разважалі пра Святога Духа.

Рэкалекцыяніст гаварыў аб тым, адкуль і калі Дух Святы сыходзіць на чалавека, хто Ён такі і як дзейнічае. Было распаведзена, што адно з імёнаў гэтай трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы – Параклет, што Дух Святы з’яўляецца Заступнікам і Суцяшальнікам, што Яго сем дароў даюцца чалавеку падчас хросту, а ажыўляюць і памнажаюцца дзякуючы канфірмацыі. Таксама адзначалася, што плады Духа Святога – вынік цеснага супрацоўніцтва з Ім, што паводле традыцыі Касцёла існуе дванаццаць такіх пладоў, што чалавек атрымлівае іх тады, калі “клапоціцца аб садзе сваёй душы”. “Часцей маліцеся да Духа Святога, стварайце “малітоўны парасон” у малітве за дзяцей, благаслаўляйце іх”, – раіў рэкалекцыяніст.

Свецкія кармэліты сумесна разважалі пра жыццё ў кармэліцкай духоўнасці. Было адзначана, што самым дасканалым “падручнікам фармацыі” з’яўляецца Евангелле, а галоўным і самым дасканалым фарматарам – Дух Святы.

У праграме былі супольная малітва літургіі гадзін, унутраная малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святая Імша – усё гэта, як паведамляецца, дапамагала напоўніць дні рэкалекцый “духам братэрскай еднасці, згоды і любові”.