Skip to main content

Гродзенская парафія Беззаганнага Зачацця Панны Марыі адзначыла 25-годдзе з часу асвячэння свайго касцёла

yuzny25 41

7 снежня, напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, гродзенская парафія, якая носіць гэты тытул, адзначыла 25-годдзе з часу асвячэння свайго касцёла. Яго асвяціў у Юбілейным 2000 годзе 11 мая арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Імшу, на якой дзякавалі Богу з нагоды гэтай даты, узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, святары, якія служылі ў гэтай парафіі раней ці паходзяць з яе, цяперашні пробашч кс. Валерый Быкоўскі і духавенства бліжэйшых парафій. Прысутнічалі настаяцель праваслаўнай гродзенскай царквы прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага протаіерэй Іаан Велісейчык і кіраўніцтва гарадской сярэдняй школы №35 на чале з дырэктарам Элай Бярней.

На літургіі ўспаміналі ўсіх, хто будаваў парафіяльную супольнасць і сам касцёл, у тым ліку першага пробашча парафіі кс. Яна Раманчука.

Біскуп Гродзенскі сказаў у гаміліі, што перыяд Адвэнту, які зараз працягваецца ў Касцёле, – “не чарговыя чатыры тыдні перад Божым Нараджэннем, а духоўны шлях, пілігрымка, у якую нас кліча Бог, каб сэрца чалавека зноў навучылася чаканню, каб яго душа зноў адчула смак цішыні, каб яго жыццё зноў адкрылася на тое святло, якое ўмее прабіваць цемру нават тады, калі чалавек ужо не верыць у светлыя раніцы”. Сёлета, па словах біскупа, гэты шлях асаблівы, бо праходзіць у кантэксце Юбілейнага года, “калі Касцёл ва ўсім свеце хоча паказаць: Бог ідзе да чалавека, Бог шукае чалавека, Бог не перастае любіць чалавека”.

Іерарх адзначыў, што людзі, якія стваралі гэтую парафію, “верылі ў новае жыццё”, “ахвяравалі свае сілы, працу і малітвы, будавалі гэтыя сцены не толькі цэглай, але і верай, ахвярнасцю і любоўю”. “Сёння мы бачым, як моцна Бог дзейнічаў: калі ў сэрцы чалавека ўзнікала слабасць – Ён даваў моц; калі ў сям’і было цяжка – Ён даваў прымірэнне; калі чалавек адчуваў сябе самотным – Ён раскрываў яму абдымкі сваёй святыні; калі чалавек шукаў парады – Ён даваў святло Свайго Евангелля”, – сказаў біскуп.

yuzny25 9

Зноў звяртаючы ўвагу на сутнасць Адвэнту, ён падкрэсліў, што гэты літургічны перыяд – “не чаканне падарункаў, святочнага стала, а вучоба чакання Бога, вучоба цішыні, у якой чалавек можа нарэшце пачуць крокі Пана”; што Адвэнт “вучыць вельмі важнай ісціне: не мы прыходзім да Бога першымі – Ён ідзе насустрач, мы толькі павінны падрыхтаваць Яму месца”; што Адвэнт “просіць нас аб тым, што такое рэдкае ў сучасным свеце: спыніцца, паслухаць, пераасэнсаваць”.
“Сённяшні псальм паказвае вобраз ідэальнага Валадара, які будзе абараняць бедных, ратаваць прыгнечаных, вызваляць тых, хто не мае голасу. У Яго дні, кажа псальміст, “закрасуе справядлівасць і вялікі спакой”. Гэтыя два паняцці – справядлівасць і спакой – з’яўляюцца асновай Божай логікі. Гэтыя два словы – як два крыла, без якіх не ўзляціць ні народ, ні сям’я, ні асобны чалавек. Бо справядлівасць без супакою – гэта суд, які не лечыць. А супакой без справядлівасці – гэта супакой фальшывы, у якім цемра маскіруецца пад святло. Супакой без справядлівасці становіцца абыякавасцю. І калі мы глядзім у гісторыю гэтай парафіі, у гісторыю жыцця людзей, якія сюды прыходзілі, мы бачым, як праз гэтыя сцены праходзілі Божая справядлівасць, якая не карае, а ратуе і аздараўляе, і Божы супакой, які заспакойвае не павярхоўна, а аднаўляе ўсё жыццё чалавека”, – сказаў біскуп.

“З пачатку існавання гэтай парафіі святары і вернікі будавалі тут школу надзеі, – дадаў ён. – Бо надзея – гэта не эмоцыя, гэта дысцыпліна сэрца, якую трэба развіваць. Сёння, калі свет перажывае трывогі, войны, духоўную стомленасць, чалавек асабліва патрабуе надзеі, але надзеі сапраўднай, Божай, а не той, што разбураецца пры першым ветры праблем”.

Па словах біскупа, Маці Божая – “новая раніца чалавецтва, новы пачатак, новы свет, у якім зло не мае правоў”. “Кожны, хто ўваходзіць у гэтую святыню, павінен ведаць: тут жыве Маці; Маці, якая вядзе да Сына; Маці, якая нястомна моліцца за кожнага, хто сюды прыходзіць, – дадаў іерарх і пажадаў: – Няхай Беззаганная Марыя вядзе нас шляхам Адвэнту, каб мы сустракалі Хрыста не толькі ў стаенцы, а перш за ўсё ў глыбіні сэрца. Няхай Дух Святы, агонь вечнай любові, ачышчае, асвятляе і перамяняе нашыя думкі, рашэнні, сем’і, супольнасці і ўсе нашыя будучыя дні. І няхай кожны з нас стане сапраўдным пілігрымам надзеі, які нясе ў свет святло Божай любові”.

yuzny25 28

У канцы літургіі сакратар арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча кс. Павел Эйсмант зачытаў ліст ад яго. У лісце арцыбіскуп узгадвае, што гэтая парафія вельмі блізкая яму між іншым па той прычыне, што ў мікрараён Паўднёвы, дзе яна знаходзіцца, пераехала нямала вернікаў з яго роднага Адэльска. “Тытул Беззаганнага Зачацця Панны Марыі вельмі сімвалічны. У далёкім 1917 годзе ў Фаціме Марыя прадказала ганенні на веру і адначасова дала надзею на яе. адраджэнне. Таму выбар нябеснай Апякункі парафіі можна назваць знакам падзякі Марыі за цуд свабоды веравызнання і надзеі на будучыню”, – адзначае іерарх.

Дзень, калі ён здзейсніў асвячэнне парафіяльнага касцёла, арцыбіскуп называе “днём трыумфу веры”: “Хрыстус, якога выгналі з нашай прасякнутай духам хрысціянства зямлі, вярнуўся. Пабудаваная святыня стала месцам сустрэчы чалавека з Богам”.

Іерарх піша, што “ў касцёле Хрыстус аднаўляе ў грэшным чалавеку Божы вобраз і падабенства, паводле якіх ён створаны; у касцёле пасля завяршэння зямнога жыцця чалавека ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі памерлага, касцёл з’яўляецца каналам, праз які патрэбная для збаўлення Божая ласка дасягае чалавека”. “Таму мы павінны дзякаваць Богу за ўсе Яго дабрадзействы, якія атрымлівам у касцёле, і прасіць бласлаўлення на будучыню, – дадае арцыбіскуп. – Сярэбраны юбілей асвячэння касцёла – заклік аднавіць нашае жаданне быць жывымі камянямі хрысціянскай супольнасці, якая ўзрастае ў веры, надзеі і любові”.

“Даволі высокі касцёл у Паўднёвым у параўнанні з сучаснымі хмарачосамі выглядае малым. Аднак паміж імі ёсць сутнасная розніца: калі хмарачосы дасягаюць аблокаў, то касцёл – неба”, – адзначаецца ў лісце.

Парафіяне выказалі ўдзячнасць біскупам, якія ўдзельнічалі ў святкаванні, падзякавалі святарам, якія служылі ў гэтым касцёле раней, і дадалі, што іх супольнасць будзе працягваць ісці шляхам, які вызначыў Пан.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віталій Шмурай