20 верасня ў парафіi Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Сапоцкінскі дэканат) адбылася святая Імша ў інтэнцыі Стэфана Ядкоўскага, які шмат гадоў быў сакрыстыянінам у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім). Эўхарыстыя цэлебравалася з нагоды яго 90-годдзя.
Стэфан Ядкоўскі прычыніўся таксама да таго, каб гродзенскі пабрыгіцкі касцёл вярнулі ў 1990 г. вернікам пасля 40 гадоў выкарыстання ў якасці складу. Рэктаральная святыня сёння належыць да найстарэйшых з захаваных касцёлаў у Гродне, a сёлета ў ёй быў урачыста адкрыты і асвячаны галоўны алтар.
Святую Імшу ў інтэнцыі шаноўнага юбіляра ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Ад імя Касцёла іерарх выказаў удзячнасць Стэфану Ядкоўскаму за яго вялікі ўклад у адраджэнне мясцовага Касцёла.
Таксама Стэфан Ядкоўскі быў у цяжкія часы пераследу Касцёла надзвычайным распарадчыкам святой Камуніі. У той час, калі не было святара, ён меў дазвол удзяляць Камунію вернікам.
У 2012 г. Бэнэдыкт XVI узнагародзіў яго залатым медалём Bene merenti.
Папскую ўзнагароду Bene merenti ("Заслужаным") атрымліваюць людзі, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч