Ён заўсёды сціпла стаіць збоку алтара, уважліва назіраючы за Таямніцай, што адбываецца ў двух кроках ад яго. Часцей за ўсё гэта сталы мужчына ў старамодным, але акуратным гарнітуры, паверх якога апранута комжа. На працягу стагоддзяў яго называюць наглядчыкам, касцёльным, парцье, ключнікам, званаром і нават “анёлам-ахоўнікам”. Але найбольш распаўсюджаная назва - закрыстыянін.
Заўсёды на варце
Гэты непрыкметны чалавек ў куце святыні адыгрывае адну з важнейшых роляў у касцёле – апякуецца храмам, выконвае абавязкі іншых касцёльных служачых на замене.
Адзін з галоўных заняткаў закрыстыяніна – падрыхтоўка неабходных літургічных рэчаў перад пачаткам св. Імшы. “Усё да дробязей трэба прадугледзець: стужачкі ў кніжкі паўкладаць, каб хутка арыентаваліся, адкуль Евангелле чытаць, адкуль псальм спяваць”, - адзначае спадар Алёйзы, якія на працягу звыш 40 год служыў у гродзенскай катэдры. Неабходна і іншага роду падтрымка, звязаная з цэлебрацыяй, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. “Калі малады, то сам справіцца, а як старэйшы, то пас сам не падвяжа, трэба дапамагаць”, - дадае з усмешкай спадар Стэфан Ядкоўскі, наглядчык з 25-гадовым стажам з пабрыгіцкага касцёла ў Гродне.
"Закрыстыянін павінен чуваць каля святара. Памятаю адно здарэнне. Падчас Імшы, у той момант, калі ксёндз біскуп гаварыў казанне, пэўны рослы мужчына рэзка ўстаў і хуткімі крокамі накіраваўся да ардынарыя. Я адразу зарэагаваў і заступіў яму шлях. Пасля ён прызнаўся, што хацеў, каб іерарх памаліўся за яго родных… Спадзяюся, гэта была праўда…”,- узгадвае спадар Алёйзы.
Спадар Алёйзы Камяга
Але касцёлы поўняцца не толькі падчас набажэнстваў. Хтосьці забягае ў свабодную хвілінку, каб запісаць сваю інтэнцыю. А камусьці стала блага на душы і неабходна зараз жа трапіць у дом Божы, каб адкрыцца Усявышняму. Таму закрыстыянін не пакідае святыню і пасля Імшы – чакае візіцёраў.
“Здараецца, п'яны зазірне. Я яго не праганяю. Пагавару з ім, абдыму, суцешу. Не проста так ён да Бога нецвярозы прыйшоў, мабыць, здарылася што. А пасля запрашаю ізноў наведаць касцёл, толькі раю не выпівываць перад гэтым", - дзеліцца спадар Стэфан.
Спадар Стэфан Ядкоўскі
Трымаючы абарону
Гісторыя ведае выпадкі, калі людзі збіраліся ў святыні без святара. Пра падобную сітуацыю ўзгадвае спадар Алёйзы: "У часы савецкага атэізму, калі ў фарным касцёле не было ані пробашча, ані вікарыя, закрыстыянін падрыхтоўваў сакральную прастору: клаў на алтары арнат – сімвал прысутнасці ксяндза, прыносіў неабходныя літургічныя кнігі і сачыў за парадкам. Прысутныя чыталі ўрыўкі з Евангелля, маліліся, спявалі, а прымаць св. Камунію хадзілі ў суседні касцёл – пабернардынскі".
Пра паслугу закрыстыяніна ў савецкі перыяд распавядае і спадар Стэфан: “Калі я прыехаў жыць у горад, загарэўся ідэяй дабіцца ад уладаў дазволу на аднаўленне дзейнасці пабрыгіцкага касцёла. За справу ўзяліся разам з маёй сястрой, якая ў той час служыла настаяцельніцай ў манахінь назарэтанак”.
Яны звярталіся ў мясцовы гарвыканкам. Месяцамі чакалі на сваю чаргу трапіць з візітам да кіраўнітцва ў Мінску. “Пасля ўсёй парафіяй збіралі мне грошы на білет у Маскву, каб там прасіў дазволу, але ўсюды мне паказвалі на дзверы”, - дадае закрыстыянін.
Тры гады абівання парогаў “вялікіх начальнікаў” - і ўсё марна. Заставаўся толькі малітоўны штурм. “Мы амаль штодня пачалі збірацца кампаніямі каля сотні чалавек у будынку гарвыканкама і…адгаворваць Ружанец. Хто ў калідоры стаяў, хто на лесвічнай клетцы – і ўсе з пацёркамі ў руках і ціхай малітвай на вуснах”,- узгадвае спадар Стэфан. І праз некалькі тыдняў здарыўся цуд: грамадзяніна Ядкоўскага выклікалі ў кабінет і зачыталі рашэнне: ”Вярнуць касцёл парафіянам”.
Папскі медаль “Bene merenti” (Заслужаным). Іх атрымоўваюць людзі, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла. Гэтую адзнаку мае і спадар Стэфан Ядкоўскі
Універсальныя жаўнеры
Служачы закрыстыянінам, спадар Алёйзы адначасова выконваў абавязкі і вартаўніка, і электырка, і слесара, і цесляра, і дэкаратара. На пасаду наглядчыка касцёла яго блаславіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прыбыў несці паслугу пробашча ў катэдры.
"З таго часу пры мне змянілася 8 настаяцеляў, а з абслугі касцёла большасць часу быў толькі я адзін. Прыходзіў у катэдру ў 6 гадзін раніцы, а вяртаўся дадому каля 9-ай вечара. Паспяваў толькі павячэраць і адразу правальваўся ў сон", - узгадвае катэдральны закрыстыянін.
І гэта не дзіўна. У адзін з перыядаў у малой базіліцы св. Францішка Ксаверыя цэлебравался да 12-ці Імшаў штодня. І кожны дзень спадар Алёйзы павінен быў прыстунічаць у касцёле: выхадных ён не меў.
Столькі ж часу ў святыні праводзіў і спадар Стэфан. “А часам даводзілася і начаваць на месцы, у падвале касцёла, - узгадвае ён. – Надта шмат абавязкаў было: і палы мыў, і кветкі вырошчваў, і ежу гатаваў - на стол накрываў для гасцей, і магазінчык трымаў з дэвацыяналіямі”. А ў краме, паміж іншым, ён прадаваў свечкі. Спачатку купляў іх оптам у Вільні, а пасля падгледзеў працэс вытворчасці і пачаў сам выплаўляць свечкі з парафіна і агаркаў – “навошта, каб штосьці марнавалася?”.
Колькасць абавязкаў закрыстыяніна ў значнай ступені залежаць ад характару святыні, якой ён апякуецца. Але ў кожным выпадку "касцёльны" павінен заставацца руплівым служачым і чалавекам малітвы, які, падобна спадарам Алёйзы і Стэфану, “паклаў сваё сэрца, розум і працу ў ахвяру на алтар Хрыста".
Цікава ведаць:
- Раней закрыстыянаў (ад лац. sacer – святы) называлі астыарыямі (ад лац. ostium – дзверы, уваход). Згадку пра іх можна знайсці ў Святым Пісанні. Яны акдрывалі на досвітку дзверы святыні і ахоўвалі вернікаў (у часы пераследу), якія ўваходзілі туды. Астыарыі атрымлівалі “ніжэйшыя” пасвячэнні, тым самым належачы да духавенства;
- У Германіі існуе Міждыяцэзіяльная школа закрыстыянаў. Паміж іншым, кандыдаты вывучаюць тэхнікі чытання Евангелля, пазнаюць асновы прадухілення няшчасных выпадкаў у парафіі, вывучаюць майстэрства ікебаны (мастацтва кампаноўкі зрэзаных кветак у спецыяльных сасудах, а таксама правільнае размяшчэнне гэтых кампазіцый у інтэр’еры) і г. д.;
- Заступнікамі “касцёльных” лічацца св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і св. Гвідон з Андэрлехта. Манахіня стала апякункай дзякуючы стараннасці і скрупулёзнасці ў выкананні сваіх абавязкаў у супольнасці і пры святыні. У сваю чаргу св. Гвідон з’яўляецца кананізаваным закрыстыянінам.
Ангеліна Марцішэўская