З 10 па 15 жніўня невялікая група з Гродна арганізавала індывідуальную пілігрымку на роварах у санктуарый Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе.
У склад групы ўвайшлі дзве законніцы – з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта i Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. Да іх далучыліся свецкая катэхетка і маці траіх дзяцей.
Раней гэтая група амаль у такім складзе пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях і санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі.
На роварах яны наведалі таксама Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.
Група вырушыла ў санктуарый у Браславе на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне, таму з прычыны сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, яна мела адну супольную інтэнцыі – мір у нашым грамадстве.
Па дарозе пілігрымы атрымлівалі ад розных людзей шмат просьбаў і інтэнцый. Найперш усе прасілі маліцца за краіну. Таму пілігрымка праходзіла пад незвычайным дэвізам: “За Беларусь”.
Усе яе ўдзельніцы адчулі, што гэтая пілігрымка была найцяжэйшай з усіх, якія яны здзейснілі раней: найцяжэйшая ў сэнсе ахвяры, з прычыны спякоты, працягласці і пэўнай рызыкі, бо гэтым разам яны ехалі без падтрымкі кагосьці на машыне.
Шлях склаў 430 км. Па словах удзельніц, яны ўвесь час адчувалі, што былі як быццам пад покрывам Божага Провіду, не былі самотныя ў дарозе. Яны адзначаюць, што Пан Бог даў ім шмат людзей з добрым сэрцам, якія прыходзілі з канкрэтнай дапамогай менавіта тады, калі яна была неабходная.
Сёстры законныя і свецкія верніцы вельмі ўдзячныя ўсім святарам і свецкім людзям, якія дапамагалі ім у рэалізацыі пілігрымкі. Яны кажуць, што гэтая пілігрымка, хоць яны таго не планавалі, стала “барыкадай” малітвы і ахвяры, на якой яны былі шэсць дзён, а часам і ўначы, у інтэнцыі нашай Айчыны і ўсіх, хто за яе пакутуе.
Кс. Юрый Марціновіч