З 26 па 30 ліпеня невялікая група з Гродна арганізавала індывідуальную пілігрымку на роварах з Гродна ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.
У склад групы ўвайшлі тры законніцы – дзве з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта i адна з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі. Да іх далучыліся свецкая катэхетка і маці траіх дзяцей.
Для некаторых з групы гэта была ўжо не першая роварная пілігрымка за лета. Раней яны пілігрымавалі ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, а таксама ў санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі.
Пілігрымка да Апякункі Беларусі стала для іх часам радаснай працы, прынятай дабравольна і з вялікай ахвотай. Элементамі пілігрымкі, якія пастаянна перапляталіся, былі штодзённая Эўхарыстыя, доўгія гадзіны малітвы і цішыні, слуханне канферэнцый з дапамогай сучасных тэхналогій, усведамленне інтэнцый, з якімі яны ехалі ў санктуарый, змаганне са стомленасцю і болем і вялікая радасць у душы.
Сястра Марлена ISSM адзначае, што пілігрымка была не спартыўным мерапрыемствам ці тэстам на трываласць, а своеасаблівай формай сустрэчы з самім сабой, іншым чалавекам і Богам. Кожны з удзельнікаў выразна адчуў вялікае благаслаўленне падчас гэтых дзён.
Удзельнікі дадаюць, што за гэтыя пяць дзён былі вельмі стомленыя, але, як кажа с. Марлена, “стомленасць праходзіць, а духоўныя плёны пілігрымавання застаюцца”.
Пілігрымы выказваюць вялікую падзяку ўсім, хто якімсьці чынам дапамагаў ім у арганізацыі гэтага падарожжа, усім, хто прымаў іх на начлег, прапаноўваў транспарт на зваротны шлях, а таксама суправаджаў іх духоўна, і запэўніваюць, што аддзячаць ім малітвай.
Невялікая група, што пераадолела 340 км на роварах, паказвае, што на гэтым сезон пілігрымак сёлета яшчэ не скончыўся. Існуюць яшчэ планы, пра рэалізацыю якіх мы, магчыма, хутка даведаемся на нашым партале.
Кс. Юрый Марціновіч