Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць з удзелам біскупа Гродзенскага адбылася ў Сапоцкіне

sapockina s 7215 жніўня парафія ў Сапоцкіне адзначала адпустовую ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень вернікі таксама дзякуюць Богу за сёлетнія плёны, якія дала зямля.

Урачыстую адпустовую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Эўхарыстыі іерарх заахвоціў усіх шматлікіх вернікаў, прысутных у святыні, да асаблівай малітвы за нашу краіну, каб у ёй запанавалі мір і згода і каб кожны грамадзянін мог адчуваць сябе бяспечна і спакойна.

sapockina s 41

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, адзначыў, што кожны чалавек павінен старацца на працягу ўсяго свайго зямнога жыцця быць падобным да Маці Божай, якая паказала нам дарогу да неба. Святар падкрэсліў, што гэтая дарога стромкая і цяжкая, на ёй шмат жыццёвых паваротаў і момантаў, калі мы не ведаем, куды нам ісці, але ўзорам заўсёды павінна быць Унебаўзятая Марыя, якая сваім жыццём указвае нам правільны кірунак.

Ксёндз Марціновіч дадаў, што “ў нашу вандроўку да неба ўпісаны крыж, але трэба давяраць Богу, які з’яўляецца нашай дапамогай у пераадоленні слабасці”.

У працэсіі з дарамі прадстаўнікі вуліц і вёсак прынеслі да алтара ўласнаручна зробленыя дажынкавыя вянкі. Такім чынам яны падзякавалі Богу за сёлетнія плёны, а таксама прасілі, каб Пан захаваў нашу зямлю ад голаду, каб на кожным стале было ў дастатку хлеба.

Адпустовая ўрачыстасць, што стала таксама нагодай да малітвы за нашу краіну, якая знаходзіцца ў цяжкай палітычна-грамадскай сітуацыі, скончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.

Пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі выказаў усім удзячнасць за прысутнасць і супольную малітву, заахвоціўшы сваіх парафіян працягваць маліцца – за мір у сваіх сем’ях і нашым грамадстве.

JM

 

молімся за Беларусь, вернікі, Маці Божая, Сапоцкіна, малітва, біскуп Кашкевіч