30 чэрвеня пры касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылося пахаванне кс. прэлата Юзафа Трубовіча, найстарэйшага каталіцкага святара ў Беларусі.
Ксёндз прэлат адышоў у вечнасць 26 чэрвеня на 95-м годзе жыцця, у святарстве правёў амаль 64 гады.
Пахавальная Імша ў інтэнцыі святара сабрала шмат мясцовых парафіян, а таксама іншых жыхароў горада над Нёманам, якія прыйшлі выказаць Богу ўдзячнасць за ўсё дабро, якое атрымалі ад ксяндза Трубовіча.
Прыбылі таксама святары з усёй Беларусі, якія былі звязаны з ксяндзом прэлатам, яго выхаванцы і тыя, падчас вучобы якіх у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе ён быў прэфектам.
Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня епіскапату Беларусі. Прысутнічалі гродзенскія іерархі ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, бо на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі ў вёсцы Невяршыкі, якая належала да парафіі ў Плюсах, нарадзіўся ў 1926 г. ксёндз Трубовіч.
Адчуваючы патрэбу ўдзячнасці і святарскай еднасці, прыбылі і дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Святая Імша адбылася на прыступках святыні, бо сённяшні касцёл, пры якім ксёндз прэлат Трубовіч служыў у якасці рэзідэнта амаль 21 год, не быў у стане змясціць усіх удзельнікаў літургіі.
У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў жыццёвы шлях спачылага. Як адзначыў іерарх, гэта быў доўгі шлях, на якім святару было дадзена сустрэць шмат людзей і стаць іх духоўным правадыром.
Як падкрэсліў старшыня епіскапату, рысамі ксяндза Юзафа былі прастата і дабрыня, што прыцягвалі да яго многіх людзей. Ён, як дадаў арцыбіскуп, стаў духоўным айцом многіх будучых святароў, якія дзякуючы яго прыкладу руплівага служэння адкрылі сваё пакліканне і сёння працуюць не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі, дзе ён служыў больш за 20 гадоў.
На заканчэнне Імшы да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў удзячнасць спачыламу за яго добрае і чулае сэрца, якое параўнаў з сэрцам Езуса.
Ад імя ўсіх выхаванцаў ксяндза Трубовіча найстарэйшы з іх, ксёндз прэлат Вітольд Лазавіцкі, падзякаваў усім сабраным за ўдзел у літургіі.
Цела спачылага было пахавана пры касцёле, у месцы, якое ён абраў сам, напісаўшы пра гэта ў сваім тэстамэнце. Яго выразнай воляй было застацца сярод вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці, якіх ён любіў усім сэрцам і якіх кожны дзень атачаў малітвай.
Цяпер кожны вернік, уваходзячы ў святыню і мінаючы крыж і фігуру Маці Божай, напэўна, спыніцца ля яго магілы, каб споўніць яго апошнюю просьбу і ўзнесці малітву ў яго інтэнцыі. Малітва – гэта найцудоўнейшы дар, які мы можам даць у межах нашай удзячнасці памерлым.
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. у сям’і Баляслава і Генавэфы Трубовічаў. Яго бацька быў шаўцом, маці – хатняй гаспадыняй.
Пакліканне да святарства ён адкрыў вельмі рана, яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбінскага 30 верасня 1956 г.
Пасля пасвячэння 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку быў вікарыем у Ліепаі, потым пробашчам у Курмене, а таксама ў Канкалі і Эрбергу.
У Беларусь прыехаў у 1977 г. Па просьбе вернікаў Гродна распачаў служэнне ў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі касцёл).
У 1988-1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, наступныя сем гадоў – пробашчам катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.
Пасля чатырох гадоў працы ў семінарыі вярнуўся ў Гродна, дзе стаў пробашчам катэдральнай парафіі.
У 1999 г. быў скіраваны ў парафію ў Каменцы, дзе непрацяглы час спаўняў абавязкі пробашча.
23 снежня 1999 г. прыбыў у гродзенскую парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе быў рэзідэнтам да самай смерці.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Эвеліна Лукашэвіч